Віцэ-прэзідэнт ІІХФ: дзеля палітыкі чэмпіянат свету з Мінску не перанясуць

Віцэ-прэзідэнт ІІХФ: дзеля палітыкі чэмпіянат свету з Мінску не перанясуць

Міжнародная федэрацыя хакея не будзе пазбаўляць Беларусь права правядзення чэмпіянату свету па хакеі з палітычных прычынаў. Не могуць паўплываць на гэта і спонсары. Пра гэта віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ) Калерва Кумола распавёў у інтэрв'ю выданню Iltalehti. 

Па яго словах, эксперты падрыхтавалі 100-старонкавую справаздачу, на падставе якой можа быць прынятае рашэнне наконт хакейнага чэмпіянату ў Мінску. Але можа стацца так, што канчатковы вердыкт 16 лістапада так і не прымуць. 

Віцэ-прэзідэнт ІІХФ кажа, што ў хакейнай федэрацыі дагэтуль ёсць розныя меркаванні наконт правядзення чэмпіянату ў Мінску. У сувязі з гэтым ён згадаў затрыманні беларускіх спартоўцаў. 

"Галоўным пытаннем з'яўляецца не палітычны аспект, а бяспека. Затрыманні спартоўцаў? Спадзяюся, гэтая інфармацыя дойдзе да Швейцарыі", — цытуе выданне яго выказванне.

Як вядома, 8 лістапада ў Мінску былі затрыманыя спартоўцы Андрэй Краўчанка, Іван Ганін, Раман Гаеў і Андрэй Шчарбацюк. У гэты дзень у сталіцы адбыўся Марш народаўладдзя.

Раней у ІІХФ ужо казалі, што "не павязуць турнір у краіну, дзе пануе хаос і рэвалюцыя".

Правядзенне чэмпіянату свету па хакеі 2021 года прызначанае ў дзвюх краінах — Беларусі і Латвіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі