“Visa” і “Maestro” заменяць на “Белкард”

У Нацбанку сцвярджаюць, што яны пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны.
Аказалася, што ёсць пастанова ўрада, паводле якой цяпер для выдачы заробкаў на прадпрыемствах будуць выкарыстоўваць беларускія пластыкавыя карткі "Белкарт". Пакуль яны будуць хадзіць паралельна з карткамі "Visa" і "Maestro", але ў будучым імпартныя карткі плануюць цалкам замяніць на айчынныя.

Галоўны бухгалтар Мінскага маторнага завода Наталля Грамыка пацвердзіла, што ў іх уводзяць беларускія карткі.

"Гэтая сістэма ахоплівае не толькі наш завод. Электратэхнічны па ёй працуе ўжо з мінулага года. Гэта беларуская сістэма, беларускія карткі, беларускае абслугоўванне".

У Нацыянальным банку Еўрарадыё паведамілі, што ўсе зарплатныя праекты ў краіне да канца 2010 года перавядуць на нацыянальную карту.

Перш за ўсё гэта звязана з пытаннем нацыянальнай бяспекі, кажа начальнік галоўнага упраўлення плацежнай сістэмы Нацбанка Іван Пішчык.

"Калі аперацыі па картках, па тых жа заробкавых праектах, праводзяцца не ў Беларусі, а ў працэсінгавых цэнтрах па "Visa" — у Лондане, па "Master card" — у Бруселі. І калі узнікаюць пэўныя праблемы, мы, мякка кажучы, можам сутыкнуцца з тым, што міжнародныя плацежныя сістэмы, штаб-кватэры якіх у асноўным у Штатах, могуць стварыць некаторыя непрыемнасці. Я не буду казаць дэталі, бо гэта тэма не для шырокага кола".

Цяпер усе аперацыі па пластыкавых картках адсочваюцца ў замежных працэсінгавых цэнтрах. Уся інфармацыя аб транзакцыях захоўваецца і можа кантралявацца ўладальнікамі плацежнай сістэмы. Беларуская ж сістэма будзе аўтаномнай. І таму інфармацыя аб аперацыях, што будуць праводзіцца праз яе, не выйдзе за межы краіны.

Таксама важнае месца займае эканамічнае пытанне. Каб зрабіць партыю картак, напрыклад, "Visa", беларускія банкі мусяць пералічыць свае грошы ў замежныя сістэмы.

Кажа Іван Пішчык: "Калі мы рэалізуем праекты па заробках праз эмісію картак міжнародных сістэм, то мы павінны пакласці ў міжнародныя сістэмы пэўныя сумы на страхавы дэпазіт. Гэта значыць, што мае месца адцягненне сродкаў з рэсурсавай базы банкаў".

У Нацбанку паспяшаліся развеяць чуткі, якія ходзяць наконт нацыянальных картак. Функцыянальна яны амаль не адрозніваюцца ад картак "Visa" і "Master card". "Белкарткай" толькі нельга карыстацца за мяжой. 

Ніхто не будзе адбіраць у людзей міжнародныя крэдыткі — яны будуць хадзіць, як і раней. 

Гаворка не ідзе і пра выдаванне заробку на два розныя рахункі. Рахунак застаецца адзін, проста карткі да яго дзве, абсалютна раўнапраўныя. Калі адну згубіў, можна карыстацца другой. Але ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі лепш карыстацца карткай беларускай.


Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі