Вячаслаў Кебіч: Экспертны савет пры Саўміне амаль памёр
Эксперты, якія па задумцы Мясніковіча павінныя рыхтаваць і аналізаваць дзяржпраграмы, расказваюць Еўрарадыё, што ўдалося зрабіць за 3 гады працы
Тры гады мінула з моманту стварэння экспертнага савета па падрыхтоўцы дзяржпраграм пры Савеце міністраў. Тады, у 2011 годзе, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч так тлумачыў неабходнасць яго стварэння: “Эксперты будуць даваць ацэнку прыярытэтнасці і значнасці для краіны праграм". Што зрабілі за гэты час эксперты, цікавіцца Еўрарадыё.
У савеце каля 30 экспертаў — былыя міністры, дырэктары заводаў ды агракамбінатаў. Па словах былога прем’ера Вячаслава Кебіча, пасля першага, арганізацыйнага, сходу экспертны савет збіралі толькі… адзін раз. Праўда, і на яго Вячаслаў Францавіч не трапіў — быў у адпачынку. І не шкадуе. Бо, па яго словах, ужо ў пачатку фармавання савета “было поўнае неразуменне таго, як ён мусіць працаваць”.
Вячаслаў Кебіч: “Мне чамусьці здавалася, што мне лепш быць у фінансавай секцыі. А мяне, відаць, таму, што некалі быў дырэктарам завода, — у прамысловую секцыю. Ізноў такі, без таго каб параіцца: “А дзе ты хочаш прыкласці свае веды, у якой галіне?” Вось нехта сеў, распісаў — і ўсё! Ты будзеш яечню гатаваць, а ты боршч — вось і ўсё. Хаця той, каго паставілі на яечню, не ведае, як яе гатаваць!”
Але на гэтым “тэхнічныя пытанні” не заканчваюцца. Па словах Кебіча, каб эксперту прамысловай секцыі “даць ацэнку” нейкай дзяржпраграме, неабходна наведваць прадпрыемствы…
“Каб нешта раіць, неабходна даведацца, якое становішча на дадзены момант на ім, — абураецца экс-прэм’ер. — Вось я прыехаў, са мной яшчэ будуць размаўляць, а нехта іншы з савета прыехаў, і яму скажуць: “А ты чаго сюды лезеш, хто ты такі? Якія ў цябе правы і чаму ты ўвогуле тут?” Што гэта за савет, які не мае ніякіх паўнамоцтваў? Нават пасведчання, што я з’яўляюся сябрам гэтага савета, няма. Я лічу, што надта розныя людзі там сабраліся і толку ніякага з гэтага савета не будзе. Ды і ён ужо амаль памёр”.
Вячаслаў Кебіч
На момант стварэння экспертнага савета ўжо былі зацверджаныя дзяржпраграмы на 2011—2015 гады. На пытанне, як гэтыя праграмы выконваюцца і ці паспяховыя яны, Вячаслаў Кебіч адказвае коратка: “Праваленыя!” А над новымі праграмамі ніхто не працуе, абураецца былы прэм’ер.
Вячаслаў Кебіч: “І ніхто не кажа, што нешта новае трэба ствараць”.
Былы старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Дземянцей уваходзіць у “аграрна-прамысловую секцыю экспертнага савета па харчовай бяспецы”. На другім пасяджэнні ён прысутнічаў. Больш за тое, сцвярджае, што за тры гады іх секцыя папрацавала над дзвюма дзяржпраграмамі.
Мікалай Дземянцей: “Дзве праграмы ўхвалілі і ўнеслі іх на зацверджанне ва ўрад. Адна — “Аб наступствах змены клімату ў выніку пацяплення”, другая — “Селекцыя насенняводства расліннага свету”.
Суразмоўца Еўрарадыё, як і Вячаслаў Кебіч, звяртае ўвагу на неабходнасць вывучаць, як працуюць дзяржпраграмы, на прыкладзе канкрэтных прадпрыемстваў і гаспадарак. Але эксперты такой магчымасці не маюць. Праўда, не праз адсутнасць пасведчанняў.
Мікалай Дземянцей: “Каб быць добрым дарадцам, неабходна папаўняць свае веды і праз статыстыку, і праз знаходжанне на тым месцы, дзе арганізаваны працэс вытворчасці. Неяк мне было даручана наведаць Уздзенскі раён — каб я там пабыў, на ўсё паглядзеў і выказаў сваё меркаванне. У мяне машыны няма, і мне трэба было тыдзень чакаць, каб надарылася магчымасць туды і назад з’ездзіць. Адзін раз атрымалася, а потым у іх транспарту няма, не выпадае — на тым усё і завяршылася”.
Мікалай Дземянцей
Праўда, пазней прыгадвае, што летась з калегамі-экспертамі ездзілі па краіне, былі амаль ва ўсіх абласцях, наведвалі розныя аграгаспадаркі, былі на птушкафабрыцы… Вынік ад дзейных “аграрна-прамысловых” дзяржпраграм Мікалай Дземянцей ацэньвае асцярожна: “Ідзе захаванне таго, што дасягнулі, а з пункту гледжання фінансавага стала горш, чым было некалі”. А ўсё праз тое, што звыш 80% гаспадарак жыве за кошт пастаянных крэдытаў і свабодных грошай на рахунках не мае.
Што да самога экспертнага савета, то, упэўнены Дземянцей, ён патрэбны, толькі неабходна нармальна арганізаваць яго працу. Калі ў ім сапраўды зацікаўленыя ўлады.
Фота: www.ctv.by, tut.by