Вялікая чарга пенсіянераў насупраць будынка Адміністрацыі прэзідэнта (фота)
Пенсіянеры здаюць у Мінску кнігі, каб атрымаць прыбаўку да пенсіі.
Кожны трэці аўторак месяца дзясяткі пенсіянераў прыходзяць да кнігарні “Белкніга”, што насупраць Адміністрацыі прэзідэнта. Аказваецца, яны запісваюцца ў чаргу на будучы месяц, каб здаць старыя кнігі са сваіх бібліятэк.
“Калі вы першы раз прыходзіце — прыходзьце адразу са спісам кніг, якія ў вас ёсць. Аўтар і назва кнігі. А яны (таваразнаўцы букіністычнага аддзелу — заўвага Еўрарадыё) выберуць ўсё, што ім трэба”, — распавядае мне мужчына ў чарзе. Ён прыйшоў не першы раз, і адразу з кнігамі.
Сталыя наведвальнікі расказваюць, што на продаж возьмуць не ўсё — толькі папулярную класічную літаратуру, але яе здаюць "за капейкі" — прыкладна па 50 тысяч рублёў, ды рэдкія антыкварныя кнігі — іх можна прадаць даражэй. З 50 тысяч за звычайную класіку крама возьме сабе 30%, астатняе атрымае пенсіянер.
Фота — Еўрарадыё