Вярнуць нельга звольніць: сацсеткі пра мат у школе і ўсюдыіснага Лукашэнку

Фота носіць ілюстрацыйны характар​ / myob.com
Фота носіць ілюстрацыйны характар​ / myob.com

Мацерны канфлікт паміж настаўніцай і чацвёртакласнікам у гомельскай школе ўжо амаль тыдзень абмяркоўваецца ў стужках сацсетак. Педагог Людміла Чацвярткова, звольненая за абяцанне ўчыніць п...ц хлопчыку, які паставіў ёй падножку, і праз пару дзён вернутая ў школу прамым распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі ("Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму!"), засланіла нават страхотныя навіны пра інтэграцыю Беларусі і Расіі. Людзі спрачаюцца пра сістэму адукацыі, абмяркоўваюць, што настаўнікі ў школах не абаронены ад дзяцей, а дзеці — ад настаўнікаў, і што ўмяшанне кіраўніка дзяржавы толькі пагаршае гэтую сітуацыю.

"Цяпер можна партамі замахвацца і матам лаяцца, і нічога не будзе? Вось за што мне страшна", — піша рэдактар Вольга Шастакова.

 

"З гэтым павінны разбірацца самі настаўнікі і бацькі, дзе вучацца дзеці... Усё пытаньні не да Лукашэнкі і яго ўчынкаў, а перш за ўсё да сябе!" — завочна не згаджаецца старшыня РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка.

"Хлопчык Бо... кожны дзень зрывае ўрокі, кожны дзень дае ў рыла або па рэбрах тым, хто слабейшы, адбірае ў іх рэчы і ежу, — піша галоўны рэдактар "Экономической газеты" Аляксандр Плюскоў. — Гэтай вясной ён спрабаваў наладзіць распаўсюджванне наркотыкаў у роднай мінскай гімназіі... Вы думаеце, ён у калоніі? У спецшколе? Не, ён вучыцца ў найлепшай гімназіі нашага раёна. І нічога з ім зрабіць нельга. Ён тут прапісаны, г. зн. адлічыць нельга. Яму 12 гадоў — пасадзіць яго таксама нельга... Закон дазваляе. А настаўнікі церпяць. Ніхто партай у яго не кінуў".

"Чаму трэшаніну твораць яны, а сорамна мне? — задумваецца праваабаронца Андрэй Стрыжак. — Умяшанне ў справу Вялікага Стырнавога, які грозным каршуном накінуўся на прэм'ер-міністра (а ён тут пры чым?) і запатрабаваў неадкладна аднавіць звольненую настаўніцу, — ужо ілюстрацыя рэальнага становішча спраў у нашым агульным Дацкім каралеўстве — Беларусі. Дзе і суд, і Мінадукацыі, і нават законы эканомікі павінны падпарадкоўвацца каралеўскаму загаду Яго Вялікасці".

Пісьменнік Андрэй Горват прызнаецца, што ён не самы лепшы бацька, таму што не жыве са сваёй дачкой. Тым не менш ён перакананы, што Варвара для яго — самы дарагі скарб, таму ён, як бацька, абавязаны яе любіць і абараняць, пакуль ёй самой гэта трэба.


“Я не ідэальны, але мая дачка — ідэальная, — піша пісьменнік. — Усе гэтыя размовы пра парты і шчанюкоў я не разумею. Не магу ўключыцца ў дыялог. Не разумею і ўсё. Гэта як разважаць, колькі атамных бомб можна херачыць ва ўсход сонца, каб выклікаць дождж”.

Эканамічны аглядальнік Дзмітрый Івановіч лічыць, што, вярнуўшы настаўніцу ў школу і адчытаўшы чыноўнікаў, кіраўніцтва краіны не ўстала на абарону настаўнікаў.

"У перыяд перадвыбарчай агітацыі чыноўнікаў лупасяць як могуць і за што толькі могуць, — піша ён. — Добры час, ці ведаеце. За што атрымаў Румас учора ці Качанава? Правільна — яны чыноўнікі. Іх функцыя — цярпець і прымушаць цярпець ніжэйшых рангам".

 

 

Гісторык Аляксандр Пашкевіч згадвае, як аўтарытэтныя ў грамадскіх колах педагогі выкарыстоўвалі сітуацыю, каб звярнуць увагу на праблемы ў школах. Даказваючы свой пункт гледжання, яны прыводзілі свае "не самыя слабыя" аргументы. Па логіцы тое, што Лукашэнка нібыта выступіў на іх баку, павінна было гэтыя аргументы ўзмацніць. Але на самай справе гэта звяло іх да нуля.

“Гэты чалавек — проста такі цар Мідас наадварот, — параўновае гісторык. — Да чаго ні дакранецца — усё ператвараецца зусім не ў золата”.

Журналістка “Радыё Свабода" Ганна Соўсь думае, што лепш не стала і самой настаўніцы. Учора яна пагутарыла з ёй па тэлефоне.

“Яна гаварыла як чалавек у страшным адчаі, бядзе, — піша журналістка. —  Не думаю, што ёй стала лягчэй ад загаду Лукашэнкі. Можа, наадварот, горш. Бо так усё б скончылася. А цяпер працягваецца”.

Калега Ганны журналіст Зміцер Гурневіч бязлітасны. Ён дапускае, што настаўніца можа быць добрым чалавекам. Але ці можна пасля таго, што здарылася, назваць яе добрым настаўнікам?

“Калі кіроўца школьнага аўтобуса, вясёлы і добры чалавек, хаця б раз наважыўся везці поўны аўтобус п’яным, у яго павінны забраць правы, а не апраўдваць — дык гэта ж толькі раз, — параўнаўвае журналіст. — Ці хацела б прэс-сакратарка Лукашэнкі, каб яе дзяцей вучылі настаўнікі, які пагражаюць "пі...цом"? Ці хацеў бы Лукашэнка, каб яго сына вазіў у школу п’яны кіроўца?”

Праваабаронца Алег Гулак абураны аднаўленнем настаўніцы на працы. Ён называе сітуацыю "самай сумнай гісторыяй пра нашу рэчаіснасць".

"І вось зараз гэтая настаўніца прыйдзе ў клас і будзе працаваць з дзецьмі? І ў яе будзе нейкі аўтарытэт і кантакт з класам? І сістэма адукацыі можа са скандалу зрабіць карысную выснову?" — задаецца пытаннямі праваабаронца.

 

 

Музыка Лявон Вольскі таксама не змог прайсці міма. На сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" ён прапанаваў прыхільнікам успомніць свае школьныя ўражанні і расказаць, як складваліся іх адносіны з настаўнікамі.

Настаўніца гомельскай школы № 15 Людміла Чацвярткова была звольненая 13 верасня. Прычына — скандальная гісторыя ў чацвёртым класе, у якім яна замяняла калегу. Бацькі аднаго са школьнікаў размясцілі ў сеціве відэа, дзе настаўніца трасе партай над галавой вучня з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п...ц!" Педагог пазней папрасіла прабачэння за свае словы, але яе ўсё роўна звольнілі.

З поўнай версіі відэа, якую апублікавалі пазней, можна зрабіць выснову, што канфлікт справакаваў сам школьнік, паставіўшы настаўніцы падножку. 18 верасня Чацвярткову аднавілі на працы па распараджэнні Лукашэнкі. Замест яе была звольненая дырэктар школы. А чыноўнікі — пачынаючы ад выканкама і заканчваючы Адміністрацыяй прэзідэнта — атрымалі вымовы і паведамленні аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі