Выпівакі пакідаюць у аршанскім выцвярэзніку каля 250 мільёнаў у год

Начоўка ў тутэйшым "доме цвярозасці" дасць фору многім беларускім гасцініцам. Колькі год таму большасць медвыцвярэзнікаў у Беларусі зачынілі “з-за эканамічнай немэтазгоднасці”. Але тыя, што засталіся, сёння могуць зарабляць сур’ёзныя грошы.

Напрыклад, выцвярэзнік у Оршы нават па мінімальных падліках спаганяе з выпівакаў не менш за 250 мільёнаў рублёў у год.

Начальнік гарадскога аддзела ўнутраных спраў Оршы Анатоль Сільчанка не лічыць гарадскі “дом цвярозасці” суперсучасным.
 
Анатоль Сільчанка: “Рамонт правялі. Мэбля старая, а ўсё астатняе падрамантавалі”.

ЕРБ: “А колькі ў вашым медвыцвярэзніку койка-месцаў?”

Анатоль Сільчанка: “Дванаццаць. Напаўняльнасць у нас звычайна складае 90 – працэнтаў. Гэта 8-9 чалавек штодня”.

Прытым аплата за паслугі выцвярэзніка складае дзве з паловай базавыя велічыні (87500 рублёў). За гэтыя грошы выпівака можа купіць 28 бутэлек пладова-ягаднага віна “Белая вежа” (кошт 3100 рублёў) і напівацца ім цэлы месяц.

Але дарагія кошты ўзяліся не з пустога месца. Пры аршанскім выцвярэзніку працуе Клуб ананімных алкаголікаў. Тут жа збіраюцца адкрыць рэабілітацыйны цэнтр для былых зняволеных, якія не могуць знайсці сябе ў грамадстве. Не дзіўна, што ў такі шматфункцыянальны выцвярэзнік трапляюць людзі з розных сацыяльных слаёў.

Анатоль Сільчанка: «Розныя. Пры парадзе, пры гальштуку. А ёсць такія, што і ў гразі паваляліся, і тыя, што сацыяльны статус згубілі, - працягвае Анатоль Сільчанка. - Але грошы мы бярэм не з усіх. З бамжоў нічога не ўзяць: паляжыць - і што зробіш. Хоць перад законам усе роўныя. Сэнс у тым, каб з самім п'яным чалавекам нічога не здарылася».

Нават агромністая сума за ўтрыманне ў выцвярэзніку не спыняе выпівак, некаторыя бываюць тут па некалькі разоў на тыдні.

Анатоль Сільчанка: ”Такое здараецца часта. Асабліва ў мінулым годзе, калі былі Дажынкі, дык іншагароднія бывалі часта. Некаторыя траплялі да нас па два-тры разы”.

Начоўка ў аршанскім выцвярэзніку дасць фору начоўцы ў аршанскай гасцініцы “Орша”.

Койку ў агульным чатырохмясцовым нумары нам прапанавалі за 24410 беларускіх рублёў. А калі хочацца шыкануць, то можна замахнуцца і на аднамесны нумар з усімі выгодамі.

Супрацоўніца гасцініцы Орша: “Гэта каштуе 70000 рублёў. Ёсць тэлевізар, лядоўня, душавы пакой”.

У дадатак да гэтага выпівака мог бы набыць пару пляшак “Белай вежы”, закускі і спакойна, без міліцыі, сабе напівацца. 

Ды што там гасцініца “Орша” - нават у сталіцы ёсць куды больш танныя за аршанскі выцвярэзнік гатэлі.
 
“Аднамесны нумар без выгодаў абыйдзецца ў 31680 беларускіх рублёў”, - знаёмяць Еўрарадыё з прэйскурантам коштаў у сталічнай гасцініцы “Спорт”, што побач з галоўным праспектам краіны.

ЕРБ: “А з выгодамі?”

Гасцініца "Спорт": “Будзе каштаваць 62120 рублёў. Туалет і душавая ў нумары. А таксама тэлевізар, лядоўня, чайнік, тэлефон, мяккі куток”.

Еўрарадыё звярнулася ў сталічны выцвярэзнік. Тут нас пазнаёмілі з іншымі, больш ліберальнымі расцэнкамі.

Сталічны выцвярэзнік: «Чыста адныя паслугі медвыцвярэзніка – 50 тысяч рублёў».

Аказалася, што кошты за начоўкі ў выцвярэзніках ўсталёўвае адміністрацыя горада, вобласці ці раёна, дзе выцвярэзнік заходзіцца. Таму шмат якім "дамам цвярозасці" зарабляць сёння не так і проста. 

З гэтай прычыны большасць маленькіх раённых цэнтраў ад “дамоў цвярозасці” адмовіліся.

А не так даўно кіраўніцтва УУС Мінскага аблвыканкама прапанавала арганізаваць “палаты цвярозасці” ў кожнай райбальніцы. Тады знаходжанне там выпівакаў  стане наогул бясплатным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі