Yaga: псіха-фэст у літоўскіх лясах

Акрамя нарвежцаў і фінаў, там выступяць і нашыя pavel ambiont і Shangri-La. У інтэрв'ю Еўрарадыё Павел параўнаў Yaga з беларускімі оўпэнэйрамі, расказаў, як трапіў у лайн-ап і што спецыяльнага рыхтуе для фэсту. Фестываль Yaga пачнецца ў Літве зусім хутка, 23 ліпеня, і на працягу 5 дзён будзе ствараць дзівосную атмасферу натхнення і еднасці. Пра гэтыя дзівосы Еўрарадыё спачатку напісалі самі арганізатары, а пасля тое ж самае пацвердзіў і Павел Няхаеў, ён жа pavel ambiont.



Павел: У сваёй аснове Yaga — гэта псіхадэлік-транс фэст. На галоўнай пляцоўцы будуць розныя гатункі псі-транс музыкі. Таксама ёсць чыл-аут, там будзе эмбіэнт, даб, idm і падобная да таго музыка.

Здаецца, у гэтым годзе зноў будзе кіна-тэнт і асобная паляна для розных духоўных практык.

У Беларусі падобныя лясныя фэсты, але з трохі больш жорсткім варыянтам трансу, робяць Euthanasia і Organic family. Дарэчы, хто быў на оўпен-эйры Vorota, таму і месца, і атмасфера пададуцца вельмі знаёмымі — на Yaga прыкладна такая ж вялікая паляна, толькі на беразе возера. Адрозненне ад падобных беларускіх фэстаў — спірытуальна-эзатэрычны дадатак.

Eўрарадыё: Ці складана дабрацца да гэтага літоўскага леса, дзе будзе фэст?



Павел: Дабрацца да лесу не цяжка. На сайце фэсту ёсць і мапы, і супер-падрабязныя інструкцыі для ўсіх відаў транспарту. Увогуле інфармацыі на сайце вельмі шмат, раю пачытаць нават тым, хто на сам фэст не патрапіць.

Eўрарадыё: Паглядзеўшы лайн-ап, мы заўважылі там пераважна фінаў і нарвежцаў. Якім чынам ты трапіў на фэст? І хто яшчэ з нашых там выступае?




Павел: Трапіў проста. Я быў на Yaga-2007 (як просты наведвальнік), потым спрабаваў сустрэцца з арганізатарамі. У той час я пісаў магістарскую працу пра транс і тэхна музыку, рытуалы і рэлігію. Сустрэцца так і не атрымалася, але кантакт захаваўся.

Мне дужа хацелася не проста яшчэ раз прыехаць на фэст, а менавіта пайграць. Мінулая вандроўка дужа натхніла мяне ў музычным плане. Хацелася такім чынам выказаць падзяку месцу і людзям.

Тыдзень таму напісаў арганізатарам, даслаў лінк на адзін са сваіх сэтаў і растлумачыў, чаму хачу прыехаць. Вось так і трапіў у лайн-ап.

А з беларусаў бачу яшчэ ў спісе Shangri-La (aka DJ Anachoretes). Яшчэ пара хлопцаў з прома-групы Organic family збіраліся, але ў лайн-апе іх пакуль што не бачна. Мабыць, з візамі не атрымалася, гэта ж самая жорсткая праблема ўсіх беларускіх музыкаў: іх часта запрашаюць, але не ўсе даязджаюць.

На мінулых фэстах Yaga ад нас гралі DJ Adrin і Delos з Euthanasia.

Eўрарадыё: Скажы, якая там публіка?



Павел: Розная, у асноўным, канешне, хіпі-арыентаваная. Розных узростаў, шмат маладых трансерскіх сем'яў з малымі дзецьмі. Нават вельмі малымі. Сярод публікі пэўна будуць і некаторыя мае студэнты з ЕГУ (Павел вядзе ў ЕГУ практычна арыентаваны курс па сучаснай музычнай культуры – удакл. Еўрарадыё).

Eўрарадыё: Што плануеш заграць?


Павел: Для Yaga рыхтую, па-першае, тое, што было напісана дзякуючы гэтаму фэсту ў мінулыя гады. Таксама новыя трэкі, якія пішуцца на гэтым тыдні. Граю я ноччу, 26 ліпеня, гэта будзе трохі цёмны эмбіент, даб, версіі маіх больш танцавальных трэкаў, у якіх проста зраблю больш мяккі рытм, трохі этнікі.

Eўрарадыё: Каго з выступоўцаў сам хочаш паслухаць? Нам арганізатары выбралі хэдлайнераў: Hutti Heita, Loke, Krussedull, Pavel Svimba, Puoskari, Mullet Mohawk, Scooter Baba, Snyper…



Павел: Усіх не атрымаецца захапіць, бо пабуду на фэсце дні паўтара-два, а не пяць.

З тых, хто грае на транс-пляцоўцы, амаль нікога не ведаю. У чыл-ауце хачу Цімафея Анахарэтаса паслухаць, які ўвесь апошні час вандруе па польскіх фэстах і не трапляецца мне ў Беларусі. А яшчэ літовец Mikrokristal будзе прадстаўляць свой новы праект. Ён добры музыка, я нават неяк хацеў яго зацягнуць у Беларусь паграць.

Але мая мэта ўсё ж не колькі паслухаць, колькі паграць там сваё, каб аддаць даніну павагі і дозу добрай энергіі. І сустрэцца з любымі прыгодамі, якія мне выпадуць. А іх у такіх трыпах бывае шмат.

Фота: Elne, yaga.lt, з архіву pavel ambiont

Глядзі таксама:
Усе фэсты на Еўрарадыё
Myspace: pavel ambiont

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі