Як беларуская драўніна трапляе ў ЕС нягледзячы на санкцыі — расследаванне

На прадукцыю “Пінскдрэва” лепяць новыя этыкеткі і адпраўляюць на экспарт праз Казахстан і Кыргызстан / фота ілюстрацыйнае, pixabay
На прадукцыю “Пінскдрэва” лепяць новыя этыкеткі і адпраўляюць на экспарт праз Казахстан і Кыргызстан / фота ілюстрацыйнае, pixabay

Абыходзіць санкцыі Еўрасаюза навучыліся не толькі прыватныя, але і буйныя дзяржаўныя дрэваапрацоўчыя кампаніі. Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) расказвае, як драўніна з "Пінскдрэва" праз Казахстан і Кыргызстан трапляе ў Еўрасаюз.

Беларускую драўніну і вырабы забаронена экспартаваць у краіны ЕС з вясны 2022 года. Гэта мела нечаканы эфект: мытня Літвы заўважыла, што ў 2022 годзе ў 2,5 разу паменшала кантрабандных цыгарэт. Іх хавалі ў вагонах з драўнінай.

Але, як выявілі журналісты-расследавальнікі, пялеты і фанера з беларускіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў усё ж трапляюць у Еўрасаюз у абыход санкцый. Іх абыходзяць праз прадпрыемствы-пракладкі і пераклейванне этыкетак.

“Пінскдрэў” літаральна за месяц да ўвядзення санкцый адкрыў у Казахстане кампанію "Мануфактура плюс". Офіс з’явіўся ў Карагандзе па тым жа адрасе, дзе месціцца афіцыйнае гандлёвае прадстаўніцтва холдынгу.

"Мануфактура плюс" прэзентуе сабе як афіцыйны дылер "Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода №1", адзінага вытворцы фанеры ў Казахстане. Але насамрэч гандлюе прадукцыяй “Пінскдрэва”. З Беларусі фанеру прывозяць у горад Уральск у Казахстане — а там на яе лепяць этыкеткі "Сяміпалацінскага дрэваапрацоўчага завода №1".

Далей драўніна едзе назад — і ўжо як прадукцыя з Казахстана трапляе ў Еўрасаюз на фурах. "Мануфактура плюс" пастаўляе фанеру ў Літву, Польшчу, Балгарыю, Эстонію, Венгрыю і Латвію. Такім чынам праз фірму-пракладку беларускі "Пінскдрэў" абыходзіць санкцыі і зарабляе ў Еўрасаюзе.

Паводле падобнай схемы, як выявілася, працуе і польская кампанія PLRBL, адзін з уладальнікаў якой — беларус Віталій Лешык. PLRBL купляе пялеты, вырабленыя з беларускай драўніны, праз фірму "Адміт" у Кыргызстане.

Як беларуская драўніна трапляе ў ЕС нягледзячы на санкцыі — расследаванне
Выпіс з Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы / rejestr.io

Расследаванне зробленае пры падтрымцы Journalismfund.eu.

Раследванне ў відэафармаце можна паглядзець тут

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі