Як даехаць на "Be2gether"!? Усе магчымыя спосабы тут!

12-14 чэрвеня на мяжы Літвы і Беларусі адбудзецца трэці міжнародны фэст музыкі і мастацтваў "Be2gether". Паколькі пляцоўка знаходзіцца на тэрыторыі Літвы і на некаторай адлегласці ад буйных гарадоў, паўстае лагічнае пытанне — як туды дабрацца?
Аўтамабілісты, напэўна, у першую чаргу задумаюцца аб тым, каб адправіцца туды на машыне. Да замка Нарвілішкес ад Мінска каля 200 кіламетраў. Гэта па маршруце Ліда — Шальчынінкай — Дзевянішкес — Дауленай — Нарвілішкес. А можна заехаць на прагулку ў Вільню, хоць гэта і заўважна падоўжыць ваш шлях. У любым выпадку галоўнае — не забыцца аформіць да ўезду на тэрыторыю Літвы аўтамабільную страхоўку ("зялёная карта", каштуе 30 еўра).

Тым не менш, да пляцоўкі фестываля можна цалкам спакойна дабрацца і без машыны. Для гэтага трэба да абеду 12 чэрвеня прыехаць у Вільню. Кожны дзень у 6.30 з Мінска туды ідзе цягнік, квіток на які каштуе ўсяго 23 тысячы. З аўтавакзала "Ўсходні" ў Вільню штодня накіроўваецца нямала аўтобусаў (падыходзяць 7.20, 8.20), кошт праезду ў якіх складае 37,5 тысячы рублёў. На любым з гэтых відаў транспарта можна дабрацца да сталіцы Літвы прыкладна за 4 гадзіны.

Затым трэба апынуцца на аўтавакзале Вільні. Гэта будзе нескладана, бо менавіта туды прыбывае аўтобус Мінск — Вільня, а ад чыгуначнага вакзала да яго пешшу ўсяго 3 хвіліны. 12 чэрвеня ў 11.00, 12.00, 13.40 і 14.35 з аўтавакзалу будуць адпраўляецца фэставыя аўтобусы да Нарвілішкес. Прычым у кожны названы час арганізатары абяцаюць падаць дастатковую колькасць транспарта для ўсіх жадаючых. Кошт праезду да пляцоўкі фестываля складзе 18 літаў (каля 20 тысяч беларускіх рублёў).

Асноўныя выступы фэсту будуць праходзіць амаль кругласутачна з абеду 12 чэрвеня, а завершыцца ён днём 14 чэрвеня, пасля чаго таксама аўтобусамі можна будзе дабрацца да Вільні. Хэдлайнерамі фэсту сёлета будуць Gogol Bordello (ЗША), Clawfinger (Швецыя), Touch And Go (Вялікабрытанія), Polarkreis 18 (Нямеччына), Roni Size (Вялікабрытанія), Dilated Peoples (ЗША). Беларусь будуць прадстаўляць гурты "Ляпіс Трубяцкі" і "The Toobes".

Квіток на ўсе дні фэсту на гэты момант каштуе 160 тыс. руб. Пры звароце ў пасольства Літвы да 1 чэрвеня (уключна) беларускім наведвальнікам фэсту даецца бясплатная віза. Набыць квіткі можна па тэлефонах (029) 6 5555 96, (033) 6 5555 96, а таксама праз сайт www.soundline.by і ў канцэртных касах Мінска.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі