Як полк Каліноўскага з цывільнага чалавека робіць байца. Аповед інструктара
Рэкруты палка Каліноўскага праходзяць праз вучэбку — баец гатовы праз шэсць тыдняў / t.me/belwarriors/
Беларускі добраахвотніцкі полк імені Кастуся Каліноўскага актыўна набірае і трэніруе рэкрутаў. Больш чым 90 працэнтаў "каліноўцаў" — гэта былыя цывільныя. Як з іх робяць падрыхтаваных байцоў, якіх нароўні з іншымі вайскоўцамі УСУ адпраўляюць на складаныя баявыя задачы? Пра гэта на сустрэчах з беларусамі ў Польшчы расказвае інструктар палка Каліноўскага, палкоўнік у адстаўцы, ветэран вайны ў Афганістане і на Данбасе Мікалай Молакаў.
— Для таго каб цывільны стаў байцом, ён мусіць выканаць псіхафізічныя тэсты. Я хачу, каб полк імені Кастуся Каліноўскага стаў магутным падраздзяленнем, якое б не саступала нават палку "Азоў". Усе ўкраінцы ганарацца палком "Азоў", гэта сапраўдныя патрыёты. Дакладна гэтак жа я хачу, каб было з палком Кастуся Каліноўскага. Але для гэтага баец павінен умець перамагчы ў сабе пачуццё страху, — кажа інструктар.
Мікалай Молакаў — ветэран і вопытны інструктар па выжыванні / t.me/belwarriors
Кандыдаты ў "каліноўцы" праходзяць у вучэбцы шэраг выпрабаванняў на фізічную нагрузку, вытрымку і ваеннае майстэрства. Тут усё як на вайне — але з падтрымкай інструктара і больш дасведчаных таварышаў па службе.
Першы тэст — перажыць выбух гранаты ў Г-падобным акопе. Баец у ахоўнай экіпіроўцы і са зброяй садзіцца ў кут акопа. Падчас каманды "Граната!" трэба апусціць галаву, прыкрыць каскай блукальны нерв, а прыкладам вінтоўкі — пахвінныя артэрыі.
— Мы кідаем баявую гранату. Ён атрымлівае выбуховую хвалю, разбурэнні, якія здараюцца ў акопе — яго накрывае зямлёй, але не атрымлівае аскепкі. Для таго каб баец не напалохаўся, я першы саджуся ў акоп і паказваю, як гэта выконваецца, — расказвае палкоўнік Молакаў.
Раз ужо хтосьці кінуў гранату ў бок акопа, значыць, праціўнік блізка і яго трэба знішчыць — такія правілы вайны. Таму байцу трэба выбрацца з акопа, падбегчы і ўразіць роставую мішэнь з адлегласці 100 метраў. Навабранцам дастаткова хаця б проста ў яе трапіць.
— Ёсць усяго 5 патронаў і 15 секунд на тое, каб атрымаць выбух гранаты, выбегчы і адстраляцца. Задача — зрабіць дзве кароткія чэргі. Страляць кароткімі чэргамі — гэта мастацтва, гэта эканоміць боепрыпасы, — тлумачыць інструктар "каліноўцаў".
Гэтае выпрабаванне здольныя прайсці практычна ўсе, кажа Молакаў. Калі ўсё ж нешта не атрымліваецца, ён займаецца з байцом асобна.
Другі тэст — падысці да краю даху 4-павярховага будынка на навучальным палігоне і зваліцца на тэнт.
— Зноў я першы іду. Упасці спінай наперад няпроста. Калі баец бачыць, што я скокнуў і застаўся жывы-здаровы, ужо з'яўляецца пачуццё ўпэўненасці, — кажа інструктар вучэбкі палка Каліноўскага.
Наступны этап у гэтым заданні — спусціцца і падняцца на будынак без страхоўкі, на адной толькі вяроўцы. Тут патрэбныя сіла і смеласць.
Адно з самых складаных выпрабаванняў, без якога на перадавую не трапіць, — артылерыйскі абстрэл.
— Кандыдаты капаюць ламаную траншэю, надзяваюць усю экіпіроўку, усталёўваецца роставая мішэнь. За 10-12 метраў ад іх выбухаюць 4 фугасы, то-бок 122-міліметровыя міны. Байцы атрымліваюць магутны падрыў — з імі нічога не здарыцца, але яны пра гэта не ведаюць, я ім не кажу. Аскепкі забірае зямля, але пасля падрыву трэба хвіліну не высоўвацца — законы гравітацыі ніхто не адмяняў. Потым яны выскокваюць з траншэі і вядуць агонь па роставых мішэнях, — апісвае палкоўнік УСУ ў адстаўцы.
Мікалай Молакаў прыдумаў яшчэ адзін нарматыў, які, як і папярэднія, спачатку хоча выпрабаваць на сабе. Салдат у бронекамізэльцы, касцы і шчытках павінен скокнуць у ваду, умоўна патануць, паспець зняць бронекамізэльку і ўсплыць. Гэта таксама практыкаванне на трываласць і адвагу.
Пасля гэтых тэстаў ужо загартаваных каліноўцаў "ганяюць" па палігоне, каб яны ўмелі страляць з любога становішча — лежачы, стоячы. Плюс займаюцца фізічнай падрыхтоўкай і вучацца ваеннай тапаграфіі — арыентавацца на мясцовасці па карце і компасе. На вайне забаронена карыстацца тэлефонамі, бо па іх разведка праціўніка можа вылічыць месцазнаходжанне салдат.
І фінальны этап — вучэбная баявая задача, узяцце зададзенай мяжы.
— І праз шэсць тыдняў у нас атрымліваецца класны баец. Наша задача — каб ён не тузаўся ад свісту кулі. Куля можа быць не твая, але пачуццё страху складана пераадолець. Свіснула — і ты спалохаўся. І як ты будзеш ваяваць? Калі ты не прапусціш гэта праз сябе, баец будзе нулявы. Але ў нас 90% асабовага складу ўсё выконваюць. Наш полк мне вельмі падабаецца, — заключае Молакаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.