Як прадпрымальнікам трапіць на сустрэчу да Лукашэнкі?

Аляксандр Лукашэнка наведае 17 сакавіка рынак “Экспабел”. Папярэдні выхад на рынак да прадпрымальнікаў у кіраўніка краіны быў роўна 10 гадоў таму — 10 сакавіка 2005 года. Тады ён хадзіў на сталічны  рынак “Максимус”.
 
“У той раз гаварылі пра спрошчаны падатковы рэжым, фіксаваныя аплаты — гэта было рэалізавана. Цяпер ідзе размова пра тое, каб гэты рэжым адмяніць. Вакол гэтага і ідуць новыя абмеркаванні”, — распавядае Еўрарадыё старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.
 
На сустрэчы 2005 года Калінін не прысутнічаў. Тым не менш сцвярджае, што ўсё, пра што на той сустрэчы бакі дамовіліся, наконт чаго знайшлі паразуменне, было выканана. На новую сустрэчу старшыню саюза прадпрымальнікаў запрасілі і нават даюць слова. “Выступаць буду. Умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў — тэма нарады”, — коратка кажа пра заўтрашнюю сустрэчу Калінін і ўхіляецца ад далейшых каментараў. 
 
Што да іншых удзельнікаў сустрэчы, то старшыня саюза прадпрымальнікаў нібыта нават здзіўляецца пытанню: “Я ж спісы не фармую!” Але дадае, што будуць прадстаўнікі розных гандлёвых цэнтраў і рынкаў.
 
Лідара іншай прадпрымальніцкай структуры, грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, Анатоля Шумчанку на сустрэчу ў “Экспабел” не запрасілі. Ён не быў і на сустрэчы 2005 года, бо акурат… сядзеў на “Валадарцы”. Яго тады пакаралі за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў. Пратэсты і былі прычынай, якая падштурхнула кіраўніка краіны 10 гадоў таму да паходу на рынак. У Шумчанкі іншы погляд на вынік размовы прадпрымальнікаў з прэзідэнтам дзесяцігадовай даўніны.
 
Анатоль Шумчанка: “Тады казалі пра аптовыя базы, што ў Турцыю і Кітай самалёты будуць лётаць, спецыяльныя чартары для прадпрымальнікаў. “Перспектыва” зрабіла спецыяльны праект віцебскага аэрапорта, дзе б было Cargo і мы б вазілі тавар. І маглі б гэта гандляваць і на Расію, і ўнутры краіны. Падалі праект ва ўрад, сёння справа на тым жа месцы. І паглядзіце, да чаго мы прыйшлі цягам апошніх 10 гадоў: ні вытворчасці, ні паслуг нармальна так і не развілі”.
 
Пра чартары ў Турцыю, бясконцыя праверкі прадпрымальнікаў падаткавікамі і неабходнасць спрошчанай растаможкі Лукашэнку казала Кацярына Чыжык. На той момант у прадпрымальніцы было 6 крам з турэцкай пасцельнай бялізнай. Праз 10 гадоў не засталося ніводнай. Яна па-ранейшаму гандлюе, але цяпер у Расіі — з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком Лідскай абутковай фабрыкі і гродзенскай фабрыкі “Акцэнт”. За дзень да новай сустрэчы прадпрымальнікаў з Лукашэнкам нумар Кацярыны Чыжык недасяжны — відаць, недзе ў Расіі.
 
Была яшчэ адна жанчына-прадпрымальнік, якая ў 2005 годзе задавала кіраўніку краіны вострыя пытанні, — Мая Сінайская. Але і яна, па словах Анатоля Шумчанкі, цалкам сышла з бізнесу на дзяржслужбу і размаўляць не хоча.
 
Еўрарадыё знайшло прадпрымальнікаў, якім ёсць што сказаць кіраўніку дзяржавы. Да прыкладу, прадпрымальніца з Гомеля Наталля. Але…
 
Наталля: “Я размаўляла з начальнікам аддзела прадпрымальніцтва аблвыканкама, і яна мне паабяцала скінуць бланк заяўкі на ўдзел у гэтым мерапрыемстве”.
 
Але паездкі ў Мінск на сустрэчу з Лукашэнкам гомельскіх прадпрымальнікаў не будзе. Прычына ў нібыта абмежаваным фармаце сустрэчы: памяшканне невялікае, усе ахвочыя не змесцяцца. Там нават не будуць прысутнічаць кіраўнікі абласцей, якіх спачатку на сустрэчу паклікалі. Нібыта гэтай сакрэтнай інфармацыяй Наталлю супакойвалі ў аблвыканкаме.
 
Хто ж на ёй будзе? А невядома — разводзяць рукамі ў прэс-службе прэзідэнцкай адміністрацыі. Нібыта спісаў удзельнікаў пакуль няма. 
 
Дарэчы, на той жа падставе, што памяшканне невялікае і гэтак далей, адмаўляюць у акрэдытацыі на мерапрыемства і карэспандэнту Еўрарадыё.
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі