Як зарабляюць на падзенні рубля. 5 лепшых спосабаў

Як зарабляюць на падзенні рубля. 5 лепшых спосабаў

З пачатку года беларускі рубель дэвальваваўся да долара ўжо больш, чым на 13%, пераплюнуўшы большасць гадавых прагнозаў самых паважаных фінансавых аналітыкаў. Чаму так адбылося, можна пачытаць у вось гэтым матэрыяле Еўрарадыё. Зараз паспрабуем разабрацца, хто можа нядрэнна зарабіць на дэвальвацыі рубля і якім чынам.

 

Экспарцёры

“Абясцэньванне беларускага рубля, па крайняй меры, з пункту гледжання беларускіх уладаў, можа неяк падтрымаць беларускі экспарт, які загінаецца”, — мяркуе старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб. На думку эксперта, сёлета гэта будзе адной з прычын, па якіх Нацбанк не стане асабліва ўмешвацца ў сітуацыю з курсамі валют.

Тут усё проста: склады загружаныя, зарабіць мы можам толькі на продажы сваіх тавараў за мяжу. Калі не будзе дэвальвацыі, то расійскі рынак, які і так не вельмі можа цяпер набываць беларускія тавары, стане яшчэ больш закрытым. Для больш далёкіх рынкаў кожны беларускі трактар ці самазвал за тры апошнія тыдні патаннеў на тыя ж 13,6%, на якія абваліўся рубель.

Як зарабляюць на падзенні рубля. 5 лепшых спосабаў

Чаму эканамісты не змаглі прадбачыць падзенне курса?

“Тую лічбу, якую мы сёння атрымалі па долары на біржы, я чакаў ад канца года. Мой прагноз абапіраўся на пэўныя ўляўленні пра тое, што будзе з нафтай, што будзе з расійскім рублём. І калі шчыра, то я не чакаў такога падзення нафты і такога падзення расійскага рубля”.

Банкі

Банкіры і так людзі нябедныя, але ў моманты рэзкіх скачкоў курсаў валют для іх (пры ўмелым падыходзе) могуць наступіць насамрэч залатыя часы. Справа ў выкліканым ваганнямі курса ажыятажы. “Попыт расце, прапанова падае, у выніку курс валюты расце, у выніку гэта яшчэ мацней штурхае вось гэтыя дэвальвацыйныя чаканні. Вось такая як быццам спіраль узнікае”, — расказвае Вадзім Іосуб. А мы бачым ля абменнікаў чэргі з людзей, якія хочуць памяняць свае рублі на долары, бо “пачалося”. Праз нейкі час хваля спадае, курс долара зніжаецца (што і адбылося раніцай 22 студзеня), а тыя, хто на днях памяняў свае грошы на амерыканскія, у абменнікі нясуць ужо долары і здаюць іх па не самым выгадным для сябе курсе.

Прыструніць камерцыйныя банкі час ад часу спрабуе Нацбанк, нагадваючы пра рэкамендаваную 5%-ю разбежку паміж курсам пакупкі і продажу, але гэта не заўсёды спрацоўвае. Асабліва для курсаў па картах. Напрыклад, у аднаго з беларускіх банкаў днём 22 студзеня курс продажу долара знізіўся ўсяго на 50 рублёў, хаця афіцыйны курс Нацбанка прасеў ажно на 500.

 

Інтэрнэт-крамы

Калега расказаў гісторыю: “Хацелі з жонкай пасудамыйную машыну набыць. Некалькі месяцаў разважалі, ці варта, дзе грошы ўзяць. Тут гэты абвал, вырашылі купляць. Тым больш, што і краму, і мадэль ужо выбралі — каля сямі мільёнаў каштуе, 350 долараў недзе. Вечарам пасля працы у дзень абвалу курса на тысячу заходжу на сайт, а тая машына ўжо 9,5 мільёна каштуе. Лічы, 400 долараў. І так паўсюль, літаральна за гадзіны”.

Уладальнікаў інтэрнэт-крам можна зразумець — людзі перастрахоўваюцца ад магчымых стратаў. Тым больш, зрабіць гэта могуць адносна проста — перапісаў кошты на сайце, і ўсё. Прычым, можна нават з запасам, як зрабілі прадаўцы з гісторыі пра пасудамыйную машыну. Людзі ўсё адно будуць набываць. Асабліва тыя, хто хоча пазбавіцца ад рублёвых запасаў.

Як зарабляюць на падзенні рубля. 5 лепшых спосабаў

Лічба дня

За першыя 22 дні 2016-га года беларускі рубель аслабеў да долара на 13,6%. Яшчэ 31 снежня 2015-га года курс Нацбанка быў 18 569 рублёў за долар, а цяпер — 21 095.

Уладальнікі валютных накапленняў

Тут таксама ўсё проста. Але калі падлічыць, можна за галаву схапіцца. Калі нехта у дзень чарговай элегантнай перамогі Лукашэнкі на выбарах меў сто мільёнаў рублёў і набыў на іх долары (атрымлівалася недзе 5800 долараў), то сёння можа прадаць іх ужо за 122 мільёны. Чысты і абсалютна законны прыбытак па сем мільёнаў за месяц. На сёння гэта нават больш, чым сярэдні заробак па краіне. Прычым, мы гаворым пра грошы, схаваныя дома пад матрацам — прыбытак ад валютных дэпазітаў (хай сабе і пад зусім невялікі працэнт) яшчэ большы.

Для параўнання: маючы рублёвы ўклад пад 35% гадавых, за тыя ж тры месяцы можна было зарабіць прыкладна дзевяць мільёнаў. То бок па тры штомесяц.

 

Спекулянты

“Ёсць жа шмат валютных спекулянтаў. І не абавязкова яны тут, у Беларусі. Гэта могуць быць людзі з Расіі, з іншай краіны СНД, якія працуюць з беларускімі рублямі. Ды і сваіх хапае, якія спрабуюць нешта зрабіць. Гэта натуральна, такія людзі і схемы ёсць у кожнай краіне”, — расказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Эксперт кажа, што асабліва добры навар атрымліваюць тыя людзі, якія валодаюць інсайдэрскай інфармацыяй. То бок, прыкладна (а то і дакладна) ведаюць раней за іншых, што будзе адбывацца на валютным рынку. У Беларусі таргі цягнуцца толькі дзве гадзіны на дзень, часу падрыхтавацца да змены курсаў дастаткова. Праўда, расказваць пра такія прыбыткі наўрад ці нехта наважыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі