Як жыццё кіроўцаў зменіцца пасля паправак у закон “Аб дарожным руху”
24 траўня скончылася грамадскае абмеркаванне новай рэдакцыі закона “Аб дарожным руху”. Ініцыятывы МУС выклікалі бурную рэакцыю сярод аўтааматараў. На “Нацыянальным прававым форуме” яны напісалі 134 старонкі каментарыяў. Каб зразумець, чым добры і чым дрэнны абноўлены закон, якія праўкі маюць шанец быць улічанымі, і ў якім свеце кіроўцы апынуцца на наступны дзень пасля таго, як дакумент набудзе моц, Еўрарадыё запрасіла ў студыю аўтамабільнага эксперта, галоўнага рэдактара партала abw.by Аляксея Хвашчынскага.
Еўрарадыё: Праекты законаў, распрацаваныя профільнымі міністэрствамі, не вельмі часта выносяцца на грамадскае абмеркаванне. Але МУС адрозніваецца ад іншых, яны ўжо некалькі разоў выносілі свае ініцыятывы на абмеркаванне. Але ці прыслухоўваюцца яны да таго, што на форумах выказваюць свае меркаванні людзі?
Аляксей Хвашчынскі: Перад тым, як адказаць на пытанне, зраблю адну рэмарку: профільныя міністэрствы, якія займаюцца законатворчасцю, выносяць свае ініцыятывы на абмеркаванне даволі часта. Але не заўсёды мы пра гэта ведаем. І вельмі істотная розніца тут ў тым, што МУС падкрэсліла, што кожны можа паўдзельнічаць, і звярнула на гэта ўвагу. Прайшла рассылка па ўсіх інфармацыйных агенцтвах, адразу ўсе электронныя і лічбавыя СМІ падхапілі гэтую навіну. На маю думку, гэта найперш таму, што градус незадавальнення працай МУС даволі высокі ў грамадстве. Не ўсімі галінамі міністэрства, але, напрыклад, працай ДАІ ў нас шмат хто незадаволены. Каб даць грамадзянам магчымасць выказацца і быць пачутымі, МУС пайшло на такі крок.
Прыслухаюцца ці не прыслухаюцца, цяжка сказаць. Гэта не тое, што можна палічыць. Але людзям далі магчымасць абмеркаваць. Гэта добры знак да таго, што крытыку пачуюць. Я ўпэўнены, што не ўсё будзе зроблена так, як хоча просты чалавек, кіроўца, але шэраг заўваг будзе разгледжаны, і найперш гэта тычыцца сістэмы штрафных балаў.
Еўрарадыё: Так, самую бурную рэакцыю выклікала менавіта вось гэтая сістэма штрафных балаў. Адкуль столькі крытыкі?
Аляксей Хвашчынскі: На жаль, шмат хто з нашых законатворцаў настолькі сябе дыскрэдытаваў, што нават добрыя прапановы і ініцыятывы цяпер успрымаюцца ў штыкі. З сістэмай штрафных балаў тое самае. Але ў ёй ёсць сэнс. Балы будуць налічацца кіроўцам, якія парушылі ПДД. У кожнага парушэння ёсць свая, груба кажучы, стаўка. Чым цяжэйшае парушэнне, тым больш штрафных балаў табе прысудзяць.
“Гэтая сістэма працуе ў краінах, дзе смяротнасць на дарогах ніжэйшая”
Еўрарадыё: То бок, раней мог прыйсці “ліст шчасця” за перавышэнне хуткасці, а цяпер, акрамя штрафу, будуць прысуджацца балы?
Аляксей Хвашчынскі: Так, адзін “ліст шчасця” — адзін бал. А калі цягам года вы набіраеце 15 балаў, дык вас пазбаўляюць правоў кіроўцы на шэсць месяцаў.
Еўрарадыё: І штраф, і балы, гэта значыць, двойчы караюць за адно і тое ж. Наколькі гэта сумленна?
Аляксей Хвашчынскі: Мяне не засмучае гэтая сістэма ў прынцыпе, таму што яна працуе ў краінах, дзе колькасць парушэнняў ніжэйшая, смяротнасць на дарогах ніжэйшая. І ў адносінах паміж кіроўцамі і дарожнай паліцыяй сітуацыя больш нармальная. У мяне большае пытанне выклікае вось гэтая, груба кажучы, тарфыная сетка: колькі за якія парушэнні будзе прысуджана балаў. Вось там ёсць пытанні. І такія пытанні, на якія мы не знайшлі лагічных адказаў.
Вось тая самая хуткасць, пра якую мы казалі. За любое парушэнне, едзеце вы +15 кіламетраў ад дазволенага ці +40, вам прысуджаюць усе роўна адзін бал. З майго пункту гледжання, гэта няправільна, таму што ступень адказнасці павінна быць рознай. І на штрафах гэтая сістэма працуе: менш перавышаеш — менш плаціш штраф.
У дачыненні да камер, якія фіксуюць усё ў аўтаматычным рэжыме, яшчэ адна праблема. Цяпер пастанова прыходзіць на імя ўладальніка транспартнага сродку. У вачах сістэмы ДАІ менавіта ўладальнік парушае, нават калі на яго машыне ехаў іншы чалавек. Людзі ўдвох (уладальнік і кіроўца) ідуць у ДАІ, пішуць заяву, каб штраф аплачваў іншы. Уяўляеце сабе, як вырасце гэты дакументаабарот?
“Калі прыбраць балы за перавышэнні, зафіксаваныя камерамі, незадавальненне амаль знікне”
Еўрарадыё: Але нам заўсёды кажуць, што “выкананне закона не патрабуе дадатковых выдаткаў з бюджэту”.
Аляксей Хвашчынскі: Але я ўяўляю сабе аддзелы ДАІ, заваленыя такой працай яшчэ больш, чым ёсць цяпер. У іх і цяпер такая нагрузка, што не заўсёды яны паспяваюць прыцягнуць людзей да адказнасці. У нас жа тэрмін адказнасці — 2 месяцы. Наўрад ці спецыяльна для адміністравання бальнай сістэмы будуць набіраць дадатковы персанал, пашыраць штат.
Еўрарадыё: А ці можна тэхнічна зрабіць так, каб камеры фотафіксацыі фіксавалі твар чалавека, які знаходзіцца за рулём?
Аляксей Хвашчынскі: Лепш задаць такое пытанне людзям, якія ўсталеўваюць камеры. Не думаю, што гэта рэальна, усё ж такі ёсць розныя выкананні лабавога шкла з плёнкамі, спецыяльнымі напыленнямі і гэтак далей. Але на самой справе, калі проста прыбраць з гэтай сістэмы штрафных балаў менавіта пакаранні за парушэнні, зафіксаваныя аўтаматычнай камерай, градус незадавальнення апусціцца амаль да нуля.
Еўрарадыё: Каб было, што балы ты атрымліваеш толькі тады, калі цябе “злавіў” супрацоўнік ДАІ?
Аляксей Хвашчынскі: Так, тады вам не давядзецца замест абеду ісці ў ДАІ і пісаць заяву.
Еўрарадыё: Калі ніякім чынам не адкруціцца ад таго, што цябе будуць караць і рублём, і баламі, узнікае спакуса перапісаць свой аўтамабіль, скажам, на бабулю, якая правоў кіроўцы не мае ўвогуле. Хай ёй прыходзяць балы, ёй жа нічога не пагражае.
Аляксей Хвашчынскі: Але, калі вы будзеце рухацца ў машыне, зарэгістраванай на бабулю, і вас спыніць супрацоўнік ДАІ, а вы будзеце, напрыклад, непрышпілены, ці будзеце парушаць хуткасць, балы залічацца вам.
Якія парушэнні не ўвайшлі ў бальную сістэму?
Еўрарадыё: Балы сумуюцца за розныя парушэнні. Вось, напрыклад, адзін раз мяне злавіла камера, другі раз за няправільную паркоўку, і гэтак далей. Але я так разумею, што ёсць нейкія парушэнні, якія ў гэтую бальную сістэму не патрапілі?
Аляксей Хвашчынскі: Адзінае парушэнне, якое туды не патрапіла, і яно выклікае ў нас пытанне “чаму?”, гэта язда без страхоўкі. Мы не знайшлі ніводнага аргумента, чаму парушэнне выключанае з гэтай сістэмы. Язда без страхоўкі даволі жорстка караецца ў плане грошай, і гэта правільна, таму што наступствы даволі цяжкія для людзей, якія ездзяць без страхоўкі. Чаму было так зроблена, незразумела.
Еўрарадыё: Таксама пад бальную сістэму не трапляе кіраванне транспартным сродкам з заведама схаваным, падробленым ці іншым чынам змененым рэгістраваным знакам.
Аляксей Хвашчынскі: Так, таксама незразумела, але мы менш увагі звярнулі на гэты пункт, таму што мы ўсе разумеем, таму што такіх аўто па дарогах Беларусі ездзяць не тысячы. Есць такія машыны, яны фіксуюцца, машыны, бываюць, крадуць, перабіваюць нумары, неяк з Расіі машыны крадзеныя прывозяць, але язда без страхоўкі сустракаецца нашмат часцей.
“Прыдумляць для прафесійных кіроўцаў нешта іншае — няправільная логіка”
Еўрарадыё: Каб стаць пешаходам на шэсць месяцаў, трэба набраць 15 балаў цягам года. Калі браць толькі вось гэтую катэгорыю — “балы за парушэнне хуткасці” — дык мне 1-2 “лісты шчасця” за год прыходзяць. І я лічу, што гэта шмат, а 15 набраць — гэта ўвогуле трэба пастарацца.
Аляксей Хвашчынскі: Так, трэба пастарацца. Трэба быць таксістам, дальнабойшчыкам ці яшчэ кім-небудзь. Дарэчы, гэта гучыць у крытычных каментарыях да гэтай штрафной сістэмы, што давайце мы неяк прыдумаем для прафесійных кіроўцаў нешта іншае, нейкія паслабленні. З майго пункту гледжання, гэта няправільная логіка. Тое, што прафесійны кіроўца шмат ездзіць, і аўтамабіль у яго — інструмент, каб зарабляць грошы, гэта не значыць, што яму можна дазваляць парушаць больш. Гэта логіка, выкручаная наадварот.
Еўрарадыё: Ёсці іншыя новаўвядзенні, якія прапаноўвае МУС. Адно з самых актуальных — заўвагі для ўладальнікаў квадрацыклаў. Нейкую катэгорыю адпаведную ўвесці для іх хочуць. Што гэта азначае?
Аляксей Хвашчынскі: Можна сказаць так: праблема ўзаемаадносін квардрацыклістаў і ўлады проста ў гэтым сезоне вясны-2018 выйшла на паверхню. Пачалося ўсё з таго, што адзін чалавек сказаў вельмі жорстка пакараць гэтых людзей, якія ездзяць па пасевах. ДАІ вельмі дзіўна паставілася да гэтага пасылу, і стала забіраць на штраф-стаянкі квадрацыклы ў людзей, якія збіраліся проста пакатацца, і ўвогуле аб’ядноўваюцца з мэтай турызму. Гэта ўсё праводзілася пад тэмай праверкі нумароў, рам, крадзенай тэхнікі, але гэта ўсё дзіўна выглядала.
Было зразумела: трошкі пераблыталі тых людзей, з-за якіх гэта ўсё выйшла на паверхню, і тых, каго пачалі такім чынам пужаць. І апынулася, фактычна, што цяпер квадрацыклісты ў Беларусі па-за законам, таму што гэтая тэхніка не павінна рэгістравацца ў ДАІ, няма тэхпашпартоў, ты не павінен яго страхаваць, табе не патрэбная катэгорыя, незразумела, павінен ты ездіць ў шлеме ці без, што з тэхаглядам... Вельмі шмат пытанняў. Людзей, якія пераязджалі з аднаго лесу ў іншы па нейкай гравійнай дарозе, спынялі, забіралі квадрацыкл. Ну, чаму? Што яны такога зрабілі?
Я думаю, што, “дзякуючы” вось такім канфліктным сітуацыям, пункт пра ўвядзенне новай катэгорыі ў пасведчанне кіроўцы і быў падняты. Але я думаю, што было б больш лагічна прывязаць катэгорыю, якая дае права кіраваць квадрацыклам, да мотакатэгорыі, якая ўжо існуе.
Еўрарадыё: Мала таго, што будзе нейкая новая “квадрацыклетная” катэгорыя, дык яшчэ хочуць і нейкія падкатэгорыі зрабіць! Калі ты здаў іспыты на машыне з “аўтаматам”, будзе пазнака, што ты на такой машыне і маеш права ездзіць. Што гэта, ці не чарговыя навароты?
Аляксей Хвашчынскі: Мне здаецца, што якраз гэтая прапанова — правільная. Гэта агульнасусветная практыка. Вельмі шмат краін у свеце маюць такую падкатэгорыю. Той, хто ўмее ездіць на механіцы, будзе ездіць з любой “каробкай”. Проста ёсць частка кіроўцаў, якія хочуць навучацца, і ў прынцыпе ездзіць у сваім жыцці толькі з “аўтаматам”. І гэта, на маю думку, добра. Колькасць аперацый, якія чалавек павінен правесці ў сваёй галаве за адзінку часу памяншаецца на адну. Гэта добра з пункту гледжання бяспекі нашага дарожнага руху. Значна прасцей кіраваць машынай на аўтамаце. І калі людзі хочуць гэтага, калі хочуць вучыцца на аўтамаце, дык чаму не даць ім такое права? Тым больш, колькасць машын з аўтаматычнай каробкай перадач, якія былі ў карыстанні, з года ў год расце і расце.
Хто не будзе атрымліваць штрафных балаў, нават парушаючы ПДР?
Еўрарадыё: На што яшчэ, прыхаванае ў новым законапраекце, трэба звярнуць увагу?
Аляксей Хвашчынскі: Вось адна цікавостка, якую нам падказаў блогер Целагрэйкін: штрафныя балы будуць налічвацца толькі пасля таго, як выносіцца пастанова аб адміністрацыйнай адказнасці. Але справа ў тым, што, у адпаведнасці з Адміністрацыйным кодэксам, некаторыя катэгорыі нашых грамадзян могуць пазбаўляцца адміністрацыйнай адказнасці. Я цяпер кажу, напрыклад, пра вайскоўцаў, супрацоўнікаў таго ж МУС. Закон дазваляе ім замяняць адміністрацыйнае пакаранне на дысцыплінарную адказнасць, і гэта вырашаецца ўнутранымі дакументамі кожнага міністэрства ці ведамства. І па факце мы ведаем, што чыноўнікі карыстаюцца гэтым. А калі будуць працягваць карыстацца, дык і штрафных балаў за парушэнні ў адпаведнасці з новай сістэмай атрымліваць не будуць.
Еўрарадыё: Яшчэ прапаноўваецца выдаваць міжнароднае пасведчанне кіроўцы. Наколькі гэта добра? Хіба наша сённяшняя “корачка” не лічыцца міжнароднай?
Аляксей Хвашчынскі: Яна лічацца міжнароднай, але ўсё часцей дальнабойшчыкі кажуць, што ў некаторых краінах мясцовая паліцыя чапляецца да гэтай пластыкавай корачкі і патрабуе пераклад. Таму тое, что СМІ назвалі міжнароднымі правамі, гэта фактычна пераклад цяперашняга нашага пасведчання на іншыя мовы, каб проста было зразумела паліцыі ці іншым органам у іншых краінах. Цяпер, я думаю, праблема будзе вырашаная.
Еўрарадыё: Калі абагульняць, ці можна казаць, што прапановы МУС правільныя?
Аляксей Хвашчынскі: Звычайна мы выступаем крытыкамі працы ДАІ. Але цяпер, як ні дзіўна, я магу сказаць, што пасыл добры, змены добрыя. Сыравата, і пакуль незразумела, што дойдзе да рэальнага праекта, што будзе падпісанае. Але тое, што далі дыскусію развесці, — гэта ўжо добра. І шмат тых змен, якія ўжо прапанавалі, даўно пара было б уводзіць.