Якаўлеўскі: Макей у Варшаву не едзе, бо не мае ў кішэні гатовых рашэнняў
Напярэдадні ў "Газеце Выборчай" з'явілася інфармацыя, што на запрашэнне канцылярыі польскага прэм'ера 5 лістапада Польшчу наведае Ўладзімір Макей. Меркавалася, што ён будзе мець сустрэчы і ў канцылярыі прэзідэнта. Планавалася, што на сустрэчы абмяркуюць пытанні двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Польшчай, Беларуссю і Еўрасаюзам. Праўда, падрабязнасці праграмы візіту былі невядомыя.
Аднак на сустрэчы з журналістамі 4 лістапада амбасадар Польшчы Генрык Літвін заявіў, што афіцыйнай заявы наконт візіту Макея ў Польшчу не было, і чаму так напісала "Газета Выборча" — гэта іх справа. Але журналіст "Газеты Выборчай" Андрэй Пачобут кажа, што інфармацыя пра візіт 5 лістапада была афіцыйна пацверджаная.
Андрэй Пачобут: "Вы ж пачыталі публікацыю ў "Газеце Выборчай"? Была пацверджаная інфармацыя прэс-сакратаром МЗС польскага. Відавочна, што змяніліся планы ў Макея. Чаму змяніліся планы — я не ведаю".
Аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што да сустрэчы былі падрыхтаваныя не ўсе пытанні, якія планавалася абмеркаваць.
Раман Якаўлеўскі: "Гэтыя таямніцы, звязаныя з візітам Макея, сведчаць не аб тым, што нешта ёсць прыхаваць, а што ў кішэні няма нічога. Гэта сакрэтнасць ад таго, што няма такога важкага, станоўчага для абодвух бакоў, што можа быць вырашана падчас такога візіту".
Раман Якаўлеўскі мяркуе, што польскі бок спадзяваўся развязаць пытанне, звязанае з Саюзам палякаў у Беларусі. Мажліва, польскі бок не задавальняюць прапановы, з якімі Макей мусіў прыехаць у Варшаву.
Раман Якаўлеўскі: "Галоўная перашкода для развіцця двухбаковых адносінаў з'яўляецца стан вакол Саюза палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс".
Андрэй Пачобут лічыць, што не абавязкова пытанне польскай меншасці стала вырашальным у адмене візіту.
Андрэй Пачобут: "Яшчэ некалькі дзён таму гэтае пытанне не перашкаджала прыехаць. Тут нешта іншае. Таму што сітуацыя досыць дзіўная".
Праўда, ёсць яшчэ адна акалічнасць. 5-6 лістапада мае адбыцца візіт Лукашэнкі ў Кіеў, дзе ён сустрэнецца з Віктарам Юшчанкам, прэм'ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай і спікерам Уладзімірам Літвінам.
Раман Якаўлеўскі лічыць, што было б вельмі дзіўна, калі б дзве такія асобы, як Макей і Лукашэнка, адначасова адсутнічалі ў краіне.
Тым не менш, паводле слоў польскага амбасадара, падрыхтоўка візіту працягваецца. Мажліва, візіт другой асобы ў краіне пасля Лукашэнкі, як вызначае Уладзіміра Макея "Газета Выборча", усё ж такі адбудзецца пазней.
Фота: nn.by