Якія прафесіі і ў крызіс прыносяць добры прыбытак?
Аказваецца, вышэйшая адукацыя не патрэбная, а грошы сёння "косяць" муляры і бармэны. У рэгіянальных цэнтрах занятасці насельніцтва Еўрарадыё высвятляла, як хутка знайсці прыбытковую працу сёння.
Нават у застойныя крызісныя часы кругазварот вакансіяў не спыняецца. Новыя прапановы з’яўляюцца кожны дзень.
“Ёсць вакансіі інжынера, майстра на вытворчасці. Заробак — мільён, — прапаноўваюць Еўрарадыё працу ў Цэнтры занятасці насельніцтва Мінскага райвыканкама. — Прадпрыемства “Міран” выстаўляе такую вакансію. Наладчык станкоў таксама мільён. Больш у мяне нічога такога, што б вам падышло, няма”.
Сайт Мінгарвыканкама ў раздзеле “Вакансіі” прапаноўвае сотні працоўных месцаў. Тым не менш, заробкі прапаноўваюцца найчасцей малыя, да мільёна, а большасць прац разлічаная на вузкіх спецыялістаў. Каб заўтра ж пайсці працаваць, дык і не прымасцішся нікуды. А сям’ю карміць трэба.
Яшчэ адна тэндэнцыя: калі летась самыя нізкія зарплаты налічваліся ў Брэсцкай вобласці, то антылідэр гэтага года — Магілёўшчына.
“Падсобныя працы, грузчыкі, але гэта зусім заробак нізкі — 400-500 тысяч, — расказваюць пра свае вакансіі ў Цэнтры занятасці насельніцтва Магілёўскага райвыканкама. — Калі па рэспубліцы глядзець, то ў нас, у Магілёўскай вобласці, самая нізкая сярэдняя заработная плата”.
Усё ж просім падшукаць нам працу мільёны на паўтары.
Цэнтр занятасці насельніцтва па Магілёўскім раёне: “У будаўніцтве патрэбныя муляры, тынкоўшчыкі, маляры. Альбо прарабы, калі спецыялістаў браць. Шкаленне доўжыцца месяцаў шэсць. Вы выйдзеце з гэтых курсаў з трэцім разрадам. А паўтары мільёны — гэта калі людзі ўжо сапраўды на поўную працуюць на добрай пасадзе”.
На Гродзеншчыне Еўрарадыё пацвердзілі, што не ва ўніверсітэты ісці вучыцца трэба, а на муляра ці абліцоўшчыка. Вось з такой працай заробіш больш за прафесара. І сям’я галадаць не будзе.
“Розныя ёсць зарплаты. Ёсць і трыста тысячаў, ёсць і паўтары мільёны, — уводзяць Еўрарадыё у курс справы ў Рэгіянальным цэнтры занятасці насельніцтва Гродзенскай вобласці. — Вас бы і падсобным рабочым узялі, але на сёння заявак няма. А што тычыцца канкрэтных напрамкаў — абліцоўшчыкаў, тынкоўшчыкаў, муляроў, то, вядома, для гэтага трэба навучацца, патрэбныя “корачкі”. Але калі будзе гродзенская прапіска, то вы зможаце зарэгістравацца і скончыць бясплатныя курсы”.
Сярод іншых вакансіяў у Гродзенскай вобласці — баяніст і артыст балета для абласной філармоніі (312 тысяч рублёў), медсёстры (ад 200000 тысяч), кухары (ад 220 да 800 тысяч рублёў), мадыстка галаўных убораў (500 тысяч), міліцыянер (800 тысяч), бетоншчык (1 мільён), электразваршчык (1350000) рублёў, інжынер-будаўнік (1500000 рублёў).
Хочацца быць інжынерам-будаўніком, але вучыцца ў нас часу няма, дзеці пішчаць з голаду — і ў Цэнтры занятасці насельніцтва падказваюць выйсце:
Гродзенскі абласны цэнтр занятасці: “На бармэнаў ёсць заяўкі, зарплаты ад 370 тысяч да 800”.
Бывалыя людзі падказваюць, што праца бармэнам у добрым месцы ва ўсе часы была звышпрыбытковай. Маючы мізэрную стаўку, бармэн дзякуючы хітрыкам, як разліў уласнага алкаголю, можа зарабляць і два, і тры мільёны.
Выходзіць, што нават у крызіс той, хто шукае, знойдзе сабе грашовую працу.