Януковіч будзе біць адбой?
27 верасня пасля тыднёвага перапынку ўзнавілася паседжанне суда па справе Юліі Цімашэнкі. Каментуе падзею ўкраінскі палітолаг Аляксей Гарань.
Еўрарадыё: Як, на ваш погляд, праходзіў суд?
Гарань: “Па маім меркаванні, вырак па гэтай справе вырашаецца не ў судзе, а на вуліцы Банкавай, там дзе знаходзіцца будынак адміністрацыі прэзідэнта. У дадзенай справе суд выконвае толькі тыя рашэнні, якія прымаюцца на Банкавай.”
Еўрарадыё: Заўтра ў Варшаве распачнецца Саміт Усходняга партнёрства. Ці паўплывае неяк яго правядзенне на сітуацыю вакол суда над Цімашэнка?
Гарань: “Думаю, паўплывае. На Саміце прэзідэнт Януковіч абавязкова пачуе ў свой бок крытыку ад заходніх дзяржаваў. Бо сітуацыя, калі лідэр апазіцыі знаходзіцца за кратамі і не будзе нават мець магчымасці паўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, непрымальная. Мяркую, што мы ізноў пачуем тую крытыку, з якой ужо неаднаразова выступалі палітыкі Еўрасаюза. Тады Януковічу раілі як мага хутчэй выйсці з гэтай сітуацыі.”
Еўрарадыё: Як зараз будзе дзейнічаць Януковіч?
Гарань: “Магчыма, зараз будуць рабіцца спробы “дэкрыміналізацыі” артыкула, паводле якога абвінавачваюць Цімашэнка. Прэм’ер-міністр - палітычная асоба, і прымае палітычныя рашэнні. А яны могуць быць памылковымі. За такія рашэнні не можна пераследваць у крымінальным парадку. Другі варыянт можа быць наступным: суд прымае рашэнне, што Цімашэнка вінаватая, але адразу ж ідзе апеляцыя, і вышэйшая інстанцыя адмяняе рашэнне суда.”
Еўрарадыё: Як зняволенне Цімашэнкі паўплывала на ўнутраную і на знешнюю палітычную сітуацыю ў краіне?
Гарань: “Цяпер людзі на вуліцы з пратэстамі не выходзяць, але ў цэлым заўважнае падзенне рэйтынга дзеючай улады. І тут уплывае на сітуацыю не толькі справа Цімашэнкі. Цяперашняя ўлада страчвае падтрымку насельніцтва сваімі дзеяннямі ў цэлым. У вонкавай палітыцы, канечне, адчуваецца, што міжнародная супольнасць не падтрымлівае тое, што адбываецца ва Ўкраіне.”