Януковіч паабяцаў вызваліць арыштаваных падчас сутычак з “Беркутам”
Прэзідэнт Украіны заявіў аб гэтым падчас сустрэчы з экс-прэзідэнтамі Краўчуком, Кучмам і Юшчанкам.
Сустрэча адбылася ўдзень 10 снежня, яе запіс паказалі пазней па тэлебачанні. Падчас сустрэчы, рэй на якой вёў дзейсны кіраўнік краіны, прагучалі абяцанні вызваліць з-пад варты затрыманых па падазрэнні за датычнасць да беспарадкаў дэманстрантаў.
“Людзі, якія не мелі сур’ёзных правапарушэнняў, будуць вызваленыя… Тыя, ў каго ёсць малыя дзеці і гэтак далей. Я хачу як мага хутчэй перагарнуць гэтую старонку”, — заявіў Януковіч.
Пасля разгону першага Еўрамайдана і сутычак на Банкавай плошчы, а таксама ля Адміністрацыі прэзідэнта ў Кіеве за кратамі аказалася некалькі дзесяткаў чалавек. Апазіцыя заяўляе, што яны ўтрымліваюцца там незаконна і патрабуе неадкладнага вызвалення вязняў. Праваабаронцы, у сваю чаргу, гавораць аб парушэнні правоў арыштаваных і несправядлівых судах над імі. Большасці з вязняў судовым рашэннем тэрмін утрымання пад вартай быў працягнуты да двух месяцаў.