Яраш з "Правага сектара" адказаў Лукашэнку
Украінскі правы палітык пракаментаваў выказванні кіраўніка Беларусі пра фінансаванне "Правага сектара" Віктарам Януковічам.
Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, лідар партыі "Правы сектар" Дзмітро Яраш пракаментаваў выказванне Аляксандра Лукашэнкі. 17 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх рэгіянальных СМІ кіраўнік Беларусі заявіў, што экс-прэзідэнт Януковіч фінансаваў "Правы сектар".
"Віктар Фёдаравіч [Януковіч] фінансаваў "Правы сектар". Бо ён супраць Юлі [Цімашэнкі] будзе", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. І дадаў: "Стварыў сілу, якая яго і знішчыла".
Як вядома, "Правы сектар" — гэта аб'яднанне правых сіл ва Украіне, якое з'явілася ў канцы 2013 года і стала арганізаванай сілай Майдана. Цяпер гэта палітычная партыя.
Дзмітро Яраш у інтэрв'ю часопісу "Esquire Ukraine" (№ 32 за снежань 2014-га) абверг сцверджанне Аляксандра Лукашэнкі. Ён падкрэсліў, што фінансаванне партыі празрыстае, а заяваў супраць Юліі Цімашэнкі "Правым сектарам" ніколі не прымалася.
Яраш таксама адзначыў, што шматлікія беларусы "распавядаюць пра Лукашэнку". І ва ўкраінскага палітыка склалася ўражанне, што ён робіць такія дзіўныя заявы проста таму, што "баіцца рэвалюцыі не менш за Пуціна".
Фота — УНІАН