Ярмошына паабяцала чальцам выбаркамаў еўрапейскія заробкі

Ярмошына паабяцала чальцам выбаркамаў еўрапейскія заробкі

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына распавяла пра выдаткі на правядзенне выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў і ў тым ліку пра тое, якія заробкі будуць плаціць чальцам і кіраўнікам выбаркамаў. Гэтыя звесткі яна агучыла падчас форуму РГА "Белая Русь", прысвечанага будучым парламенцкім выбарам.

Паводле Ярмошынай, заробкі цяпер будуць крыху вышэйшыя. Напрыклад, чалец выбарчай камісіі за працу ў дзень выбараў атрымае на рукі 76 рублёў. Старшыні ўчастковых камісій за 30 дзён працы заробяць па 880 рублёў "чыстымі". Старшыням акруговых выбаркамаў за 60 дзён працы заплацяць 1770 рублёў, паведамляе "Мінск-Навіны".

Такія сумы Ярмошыня лічыць "неблагімі" і суадноснымі з аплатай працы чальцоў выбаркамаў у краінах Еўрасаюза. У Літве на апошніх парламенцкіх выбарах за працу ў дзень галасавання чалец выбаркама атрымаў 40 еўра, а яго беларускаму калезе будуць плаціць 37 еўра ў эквіваленце.

Усяго на правядзенне парламенцкіх выбараў выдзелена 22 мільёны 224 тысячы рублёў, 17 мільёнаў з якіх — выдаткі на заробкі.

Выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць 7 лістапада, а ў Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі