У польскім МЗС не чулі пра перамовы з Яшыным наконт вызвалення палітвязняў
Ілля Яшын
У МЗС Польшчы "не ведаюць" пра магчымыя кантакты з расійскім палітыкам Іллёй Яшыным наконт вызвалення беларускіх палітвязняў.
6 кастрычніка Яшын апублікаваў допіс пра тое, як добра Польшча ловіць расійскіх шпіёнаў і дадаў: “Некалькі дзён таму я сустракаўся з прадстаўнікамі польскага МЗС і прасіў садзейнічаць іх [расійскіх шпіёнаў] абмену на расійскіх і беларускіх палітвязняў. Гэта было б разумна, гуманна і правільна”.
Некаторыя ўспрынялі гэтыя словы як тое, што Яшын “вядзе перамовы” з заходнімі палітыкамі наконт лёсу беларускіх палітвязняў. Ёсць і тыя, каго абурыла: маўляў,“расійская апазіцыя займаецца пытаннем палітвязняў, а беларуская — не”.
Еўрарадыё запытала ў прэс-сакратара польскага МЗС Паўла Вроньскага, ці сапраўды мела месца спатканне Іллі Яшына з польскімі дыпламатамі.
— Не ведаю. У Міністэрстве замежных спраў працуе 3000 чалавек. Я чуў гэтае прозвішча, але не чуў пра нейкае спатканне з міністрам, віцэ-міністрам, не ведаю, з кім мог сустрэцца. Нічога не ведаю пра гэтую сустрэчу. Не пацвярджваю, не абвяргаю, — адказаў Вроньскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.