Ён стаміўся, ён сышоў
23 красавіка ад
сардэчна-сасудзістай поліорганнай недастатковасці ў Маскве ва ўзросце 77 гадоў
памёр Барыс Мікалаевіч Ельцын.
Пахаванне першага прэзідэнта Расіі адбудзецца 25 красавіка – Уладзімір Пуцін абвясціў гэты дзень днём нацыянальнай жалобы.
Пятро Краўчанка, экс-міністр замежных спраў і амбасадар Беларусі ў Японіі, лічыць, што менавіта Ельцыну Беларусь абавязана пераходам да “рэальнай дэмакратыі”:
Пятро Краўчанка: “Я блізка назіраў у розных
момантах, у розных сталіцах: у Белавежскай пушчы (у Віскулях), і ў Маскве, і ў
Мінску, у Ташкенце, Бішкеку — Ельцына ў розных абставінах і магу сказаць, што
гэта быў дзяржаўны дзеяч, мудры чалавек.
Ён мог, наколькі мне ведама, у лічаныя
хвіліны прыняць рашэнне наконт, напрыклад, афармлення расійскага грамадзянства
тым людзям, якія вельмі многа зрабілі для Расіі, хаця гэта вельмі складаная і
няхуткая працэдура.
Ён прымаў рашэнні імгненна. Гэта якасць сведчыць пра тое, што ён меў добрую падрыхтоўку”.
Па словах спадала Краўчанкі, адносна Беларусі ён заўсёды паводзіў сябе карэктна і шмат дапамагаў у эканамічным сэнсе ў першыя постсавецкія гады існавання нашай краіны.
Пятро Краўчанка: “Апошні раз я бачыў яго ў
сярэдзіне 1990-х гадоў. Ён не вельмі добра адчуваў сябе. Я бачыў на яго твары
нейкую стомленасць і нават апатыю. Цяпер ужо добра вядома, што другі тур
прэзідэнцкіх выбараў у 1996 годзе Ельцын не выйграў – выйграў Генадзь Зюганаў,
59%.
Ельцын усё роўна стаў прэзідэнтам – так склалася, але гэта канчаткова яго надламіла”.
Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір прыгадвае прыроднае здароўе і незвычайны розум Барыса Ельцына і лічыць, што той павінен быў бы дажыць як мінімум да 90 гадоў.
Міхаіл Чыгір: “На паседжаннях, якія ён праводзіў,
я звычайна глядзеў, што ён усё заўважае, усё ўбачыць, нічога не прапусціць
міма. Але калі ўсё скончыцца — падыме чарку. Таксама быў рашучы — як у
дзеяннях, так і ў застоллі.
Ён жа мог, скажам так, столькі выпіць і яшчэ пайсці сказаць, што трэба працаваць. Хто яшчэ можа сёння так зрабіць? А гэта ж усё ў мяне на вачах адбывалася. І я не са слоў гавару, а тое, што бачыў на свае вочы…”
А яшчэ – Міхаіл Чыгір лічыць, што Беларусь павіна быць удзячная Барысу Ельцыну – і таксама тлумачыць гэта эканамічнымі прычынамі:
Міхаіл Чыгір: “З яго рашэння Беларусі была
скасаваная пазыка ў 1 мільярд 200 мільёнаў долараў за пастаўкі газу. Гэта
адбылося ў 1995 годзе ці ў пачатку 1996-га.
Гэта быў (тыя, хто ведае)
надзвычайна добры чалавек. І вельмі рашучы, як паказала яго жыццё і паказалі
яго дзеянні. Я скажу шчыра, што ўрад Расіі быў супраць, казаў: “Мы без працэнтаў…
Пазней, можа будзе. Хай застанецца! Хай лічыцца!” Ён: “Не!”
Падпісаў, прыняў такое рашэнне, і мы мусім пра гэта памятаць”.
Юрый Іваноў быў адзіным фотакарэспандэнтам, які трапіў на гістарычную сустрэчу лідэраў Расіі, Украіны і Беларусі ў Віскулях.
Юрый Іваноў: “Калі гэтае падпісанне адбылося, я
бадай што адзіны раз звярнуўся, кажу: “Барыс Мікалаевіч, можна вы станеце ў
цэнтры, злева прэзідэнт Украіны і Шушкевіч ад Беларусі?” Ён выканаў гэта. Я
кажу: “Шчыльней, калі ласка!” Мне хацелася неяк скампанаваць.
Ён пасміхнуўся,
абняў Краўчука і Шушкевіча. Атрымаўся бліскучы кадр, які абышоў усе старонкі
замежных агенцтваў: Ельцын па-брацку абняў Беларусь і Расію”.