Юніёрская хакейная зборная Беларусі прайграла зборнай ЗША — 0:8 (відэа)
Юніёрская хакейная зборная Беларусі (у яе складзе гуляюць хлопцы, не старэйшыя за 18 гадоў) паражэннем скончыла сваё выступленне на групавым этапе чэмпіянату свету, які праходзіць у Расіі. У аўторак у Магнітагорску ў прысутнасці амаль 5 тысяч заўзятараў беларусы саступілі зборнай ЗША з разгромным лікам 0:8 (0:2, 0:5, 0:1). Па кідках нашы юніёры прайгралі з лікам 13:43.
Беларуская зборная датэрмінова заваявала права выступіць у плэй-оф, калі напярэдадні абыграла швейцарцаў — 5:4. Вынік матчу з амерыканцамі ўплываў толькі на выбар наступнага саперніка. Паколькі беларуская зборная заняла ў групе “А” чацвёртае месца (3 ачкі пасля 4 матчаў), у чвэрцьфінале яна сустрэнецца з фінамі, пераможцамі групы “В”. Матч пройдзе 26 красавіка.