“Юра быў вельмі ранімы чалавек”

Сябры Юрыя Курненіна лічаць, што знакаміты футбольны мэтр памёр з-за перажыванняў пасля моладзевага чэмпіянату Еўропы  Юрыя Курненіна не стала уначы 30 ліпеня. Жыццё футбольнага мэтра спынілася на 56-ым годзе. Гэта стала жахлівай нечаканасцю для многіх яго сяброў. Яшчэ нядаўна Курненін вывеў беларускую маладзёжку ў лік васьмі лепшых каманд Еўропы. І хоць у фінальнай частцы чэмпіянату, якая адбылася ў Швецыі, у беларусаў атрымалася няшмат, вынік для нашага футболу надзвычай паспяховы.    

“Мы разам прыйшлі ў “Дынама-Мінск” у канцы 75-га года — Курненін, Пудышаў і я, — згадвае пра таварыша шматгадовы партнёр Юрыя Курненіна па абароне Людас Румбуціс. — Там было шмат народу, але засталіся толькі мы. Вось вам простая статыстыка. Абаронца, які ў адной гульні забіў тры галы — гэта ўнікум. Гэта была гульня з “Кайратам” (заключная гульня залатога дынамаўскага сезону 82-га году — Еўрарадыё). Гэта быў унікальны вынік для абаронцы”.

З’явіся ў сучаснай Беларусі такі ж абаронца, мы, відаць пабачылі б яго ў суперклубе кшталту “Барселоны”, “Рэала”, “Манчэсцера”... І ў савецкія часы Курненіна ведаў увесь саюз.

“Гэта быў суперпрафесіянал, ён змог выціснуць з сябе па-максімуму ўсё, што ў ім было, — працягвае Людас Румбуціс. — Курненін карыстаўся вялікім даверам у Малафеева. Трэнер давяраў Курненіну ва ўсіх момантах — у падрыхтоўцы, у бытавых справах. Юра быў безумоўны аўтарытэт. Абаронца невысокага росту, жорсткі, учэпісты. Яго празвалі “Маленькі звер”.

Для Людаса Румбуціса смерць Юрыя Курненіна стала “жахлівай нечаканасцю”. Таварышы футбольнага мэтра звязваюць гэта з апошнім чэмпіянатам Еўропы.  

Людас Румбуціс: “Ён быў вельмі ранімы чалавек. Ён усё трымаў у сабе, — кажа Людас Румбуціс. — Апошні яго чэмпіянат Еўропы даўся вельмі нялёгка. І вельмі нялёгка далася падрыхтоўка да гэтага чэмпіянату. Былі, відаць, нейкія недарэчнасці, непаразуменні”.

Спартыўны журналіст Багдан Арлоў, які працаваў на чэмпіянаце Еўропы ў Швецыі,  падзяляе думку Людаса Румбуціса. Арлоў — адзін з тых рэдкіх журналістаў, хто не крытыкаваў Курненіна і яго каманду направа і налева.

Багдан Арлоў: “Ён чалавек быў негаваркі. Нават на прэс-канферэнцыях ён стараўся трымаць свае думкі ў сабе. На пытанні часта адказваў даволі скупа, — разважае Багдан Арлоў пра тое, чаму сэрца Юрыя Курненіна не вытрымала. — Да таго ж беларусы схільныя выліць крыху бруду на тых, хто чагосьці не дасягнуў”.

Багдан Арлоў расказаў Еўрарадыё пра адну з апошніх прэс-канферэнцый з удзелам Юрыя Курненіна. Там футбольны мэтр, нягледзячы ні на што, пахваліў сваю каманду і не пагадзіўся з крытыкай неаб’ектыўных журналістаў.

Багдан Арлоў: “Гэта таксама на адной з прэс-канферэнцый там у Швецыі сказаў Юрый Курненін: “Мы ўжо ў васьмёрцы. Калі хакеісты ўваходзілі ў васьмёрку, усе казалі — вунь якія яны малайцы...”.

З "залатога" складу мінскага "Дынама" сярод нас няма ўжо трох футбалістаў: Аляксандра Пракапенкі, Віктара Янушэўскага і Юрыя Курненіна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі