Ю.Шаўцоў: ЕС можа прапанаваць Беларусі пашырыць паўнамоцтвы парламента

Падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Еўрасаюза беларуская дэлегацыя папросіць фінансавай падтрымкі, а еўрачыноўнікі могуць узняць тэму будучых прэзідэнцкіх выбараў ды прапанаваць змяніць канстытуцыю Міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў сустрэнецца 28 ліпеня з кіраўніцтвам Еўрасаюза ў Брусэлі. Сустрэча адбудзецца ў рамках саміта міністраў замежных справаў ЕС. Плануецца, што бакі абмяркуюць апошнія змены ў беларускай сітуацыі ды міжнародныя адносіны. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства замежных справаў Швецыі.

Супрацоўнік прэс-цэнтра: “Пакуль магу сказаць толькі тое, што будзе абмяркоўвацца сітуацыя ў Беларусі. Ну і, канечне, адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю. Сюды ўваходзіць і Усходняе Партнёрства”.

На заўтрашняй сустрэчы Еўрасаюза з беларускай дэлегацыяй сустрэнуцца Высокі прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і справах бяспекі Хаўер Салана ды камісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднэр. Старшынём дэлегацыі Еўрасаюза прызначаны шведскі міністр замежных справаў Карл Більт.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што Беларусь добра падрыхтавалася да сустрэчы з еўрачыноўнікамі. Яскравае таму пацверджанне — нядаўняя гучная заява прадстаўніка МЗС па паездках беларускіх грамадзян у Абхазію і Паўднёвую Асетыю.

Раман Якаўлеўскі: “Гучная заява з мінулага тыдня наконт Грузіі і таго, як беларускім грамадзянам трэба ездзіць туды, не ігнаруючы грузінскія законы, выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў Маскве. Я мяркую, што гэты крок быў зроблены менавіта ў сувязі з заўтрашняй сустрэчай”.

Не прызнаўшы незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асетыі, Беларусь паказала Еўрасаюзу сваю незалежнасць ад расійскіх уладаў. У Еўропе да гэтага аднесліся вельмі станоўча. Магчыма, што такім чынам беларускія ўлады хацелі “задобрыць” Еўрасаюз, каб атрымаць ад яго фінансавую падтрымку. Палітолаг Юрый Шаўцоў упэўнены, што Сяргей Мартынаў будзе прасіць у Брусэля дапамогі.

Юрый Шаўцоў: “Будзе пастаўлена пытанне пра вырашэнне праблемаў, якія для нас вельмі надзённыя. Гэта грошы ў падтрымку нашай фінансавай сістэмы, гэта вельмі надзённа для нас зараз”.

Палітыкі таксама закрануць найважнейшыя эканамічныя пытанні. Па словах Юрыя Шаўцова, бакі абмяркуюць зняццё абмежаванняў для беларускіх тавараў на еўрапейскім рынку, падключэнне нашай краіны да транзіта каспійскай нафты ды газу, і пашырэнне беларускай прысутнасці ў партах Латвіі і Літвы. Хутчэй за ўсё ў гэтай галіне прымуць вельмі істотныя рашэнні.

Нягледзячы на тое, што Беларусь цікавіць толькі эканамічнае супрацоўніцтва, размоваў пра дэмакратычныя змены пазбегнуць не атрымаецца, перакананы Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: “Мяркую, што на гэтай сустрэчы Мартынаў павінен пачуць, што Еўрасаюз чакае ад Мінска не толькі гандлёваэканамічнага супрацоўніцтва, а таксама рэформаў у галіне правоў чалавека, свабоды СМІ, вяршэнства закона і гэтак далей”.

Палітолаг Юрый Шаўцоў таксама лічыць, што еўрачыноўнікі абавязкова ўздымуць палітычныя тэмы, перадусім з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў:

Юрый Шаўцоў: “Увосень мы ўступаем у прэзідэнцкую перадвыбарчую кампанію. Таму ўсе сустрэчы такога ўзроўню так ці інакш тычацца прэзідэнцкай кампаніі”.

Акрамя гэтага Еўрасаюз будзе прапаноўваць нам змену канстытуцыі, каб пашырыць кампетэнцыі паламенту, лічыць Юрый Шаўцоў. На якія саступкі ў імя эканамічнага супрацоўніцтва гатова пайсці Беларусь, пакуль невядома. Аднак без палітычнай падтрымкі еўрапейскіх чыноўнікаў мы не зможам ажыццявіць істотных гаспадарчых ініцыятыў.


На здымку з архіву Хаўер Салана і Сяргей Мартынаў

Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі