З Купалаўскага тэатра зробяць "архітэктурнага кентаўра"

Паводле праекту студэнтаў БНТУ, да гістарычнага будынка Купалаўскага тэатра “прылепяць” дабудаванне са шкла і бетону.

Як стала вядома Еўрарадыё, 9 сакавіка генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Мікалай Кірычэнка атрымаў з Міністэрства культуры рашэнне Навукова-метадычнай Рады Мінкульта. Гэтым рашэннем чыноўнікі фактычна зацвердзілі прапанаваны студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта праект пашырэння тэатра з дапамогай далучэння да будынка новай прыбудовы. Яна будзе выкананая ў сучасным стылі і зойме частку сквера побач з тэатрам.

Дырэктар тэатра прызнаўся, што не вельмі “даганяе” ідэю праекта, але ён яму спадабаўся.

Мікалай Кірычэнка: “Гэты праект – праца студэнтаў дэкана Архітэктурнага факультэта БНТУ Сардарава фактычна. Ведаеце, што добра? Гэта маладыя рабяты прыдумалі, студэнты, гэта іх ідэя. Я не вельмі “даганяю”, але бачу, што ідэя цікавая. Па-першае, “акругляецца” значнасць першага тэатра краіны. Я разумею, кудысьці цень патрапіць, будуць спрэчкі гарачыя, але пытанне ўжо знаходзіцца ў стадыі абмеркавання, рашэння і ўзгаднення. Узгаднення нават не па інстанцыях, якія ставяць свае подпісы і пячаткі, а па прыцірцы гэтай ідэі”.

Кажучы пра цень, які можа патрапіць туды, дзе яго быць не павінна, Мікалай Кірычэнка меў на ўвазе будынак Адміністрацыі прэзідэнта, што стаіць за тэатрам. Але, кажа, як выйсці з сітуацыі і не пакрыўдзіць прэзідэнцкіх чыноўнікаў, павінны думаць архітэктары.

Паводле звестак Еўрарадыё, на разгляд Рады Мінкульта былі прадстаўленыя тры праекты, але, згодна са словамі Мікалая Кірычэнкі, усе яны былі вартыя адзін аднаго.

Мікалай Кірычэнка: “Для мяне гэта як кентаўр: азадак каня, а галава чалавека. Усе тры праекты будаваліся на тым, каб зрабіць дадатковую сучасную прыбудову, якая ахоплівае гістарычную частку тэатра. І нам спадабалася. Гэта была рэч, нечаканая для ўсіх”.

Больш за ўсё ў прапанаваным праекце дырэктару спадабалася тое, што цалкам з’язджаць з будынка як на час новабудоўлі, так і пазнейшай рэканструкцыі старых памяшканняў, не давядзецца.

Мікалай Кірычэнка:
“Разумею праблемы з пераездам і гэтак далей. Але там можна будзе рабіць рэпетыцыйныя залы, перавесці туды адміністрацыйную частку. Тэатр зможа сысці ў гэты аб’ём, і тады пачынаць разборку і рэканструкцыю гістарычнай часткі. Мы не будзем са сваёй бухгалтэрыяй і сваімі рэпетыцыйнымі цягацца недзе па вуліцы”.

Праўда, кажа дырэктар, спектаклі ўсё адно давядзецца ставіць на сцэнах іншых тэатраў – але гэтага не пазбегнуць.

Але загадчык Кафедры горадабудаўніцтва БНТУ Армэн Сардараў папраўляе дырэктара тэатра і кажа, што праекты не належаць нікому канкрэтна – гэта была агульная творчасць.

Армэн Сардараў: “У нас ёсць на факультэце праектнае бюро. Там працуюць і выкладчыкі, і студэнты. Гэта бюро і ажыццявіла гэтую працу. Архітэктурны факультэт БНТУ – гэта прэзентуецца так, і гэта адпавядае рэчаіснасці”.

Будынак тэатра імя Янкі Купалы быў узведзены ў 1890 годзе архітэктарам Казлоўскім. Зараз яму хочуць вярнуць той гістарычны выгляд. Але прафесар Сардараў з такім падыходам не згодны. Асабліва гэта тычыцца памераў тэатра.

Армэн Сардараў: “Тэатр не можа існаваць у такіх вузкіх межах. Прыбудова прапанаваная ў формах абсалютна нейтральных з пункту гледжання архітэктуры, ананімных да навакольнага атачэння”.

Паводле словаў архітэктара, будоўля не нанясе ніякай шкоды скверу побач з тэатрам – давядзецца спілаваць толькі адно дрэва. І кідаць цень на вокны будынку прэзідэнцкай Адміністрацыі ці псаваць краявіды з іх на праспект прыбудова не будзе. Усё, кажа, пралічана да сантыметра. Яе нават зробяць ніжэйшай, каб зняць усе пытанні.

Еўрарадыё пацікавілася, як да прапанаванага праекта ставяцца акторы тэатра. Але, згодна са словамі акторкі Святланы Зелянкоўскай, з імі ніхто не раіўся і эскізы не паказваў.

Святлана Зелянкоўская: “Ніякіх размоў на гэты конт не было. Прыйшоў да нас міністр, сказаў, што разгледзяць усе нашыя прапановы. Але ўсё гэта было сказана проста так, афіцыйна”.

Нічога дзіўнага ў гэтым няма, з улікам стаўлення да гэтага пытання дырэктара тэатра Мікалая Кірычэнкі.

Мікалай Кірычэнка: “Ведаеце, чым больш людзей удзельнічае ў абмеркаванні, тым цяжэй прыняць рашэнне. Чым менш людзей за рулём – тым дакладней машына ідзе па курсе”.

Паводле слоў прафесара БНТУ Армэна Сардарава, прыблізна год спатрэбіцца на тое, каб падрыхтаваць усю неабходную дакументацыю па праекце і гады 2 на саму будоўлю. Размовы пра тое, каб вынесці праект перабудовы Купалаўскага на грамадскае абмеркаванне, не стаіць.

Фота: juli-erde.livejournal.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі