З Украіны ў Польшчу перавезлі цяжкахворага журналіста Вадзіма Доўнара

Вадзім Доўнар 

Вадзім Доўнар  / facebook.com/vadim.dovnar

Валанцёры здолелі перавезці ў Польшчу цяжкахворага беларускага журналіста Вадзіма Доўнара. Апошнія 13 гадоў ён жыў ва Украіне. Вадзіму патрэбна тэрміновая аперацыя — перасадка печані. Але каб трапіць у польскую лякарню, трэба атрымаць статус міжнароднай абароны, адзначаюць валанцёры. Гэты статус дае права на бясплатнае лячэнне. Польскія памежнікі далі Доўнару 15 дзён, каб падаць дакументы на абарону, на гэты час яго ўпусцілі ў краіну.

"Вадзім сустрэў у Варшаве беларусаў і, мне здаецца, трохі акрыяў: выглядае бадзёра, задаволены, беларусы прыходзяць да яго. Прынамсі, выглядае нават лепш, чым калі я яго забірала з Кіева ў 5 гадзін раніцы",цытуе БАЖ беларускую валанцёрку і актывістку Алену Жаркевіч. Яна адзначыла, што стан здароўя не дазваляе Вадзіму самастойна займацца легалізацыяй. Яму дапамагаюць з афармленнем дакументаў.

"З афіцыйным статусам, пад міжнароднай абаронай Польшчы, яго пакладуць на лячэнне ў лякарню. Ці хаця б правядуць дэталёвае медыцынскае абследаванне", — адзначыла Алена. Фонд BYSOL пры падтрымцы БАЖ сабраў для Вадзіма Доўнара 6 тысяч долараў. Гэтых грошай не хопіць на аперацыю, але хопіць на часовае пражыванне, харчаванне і лекі.

Вадзім Доўнар нарадзіўся ў 1976 годзе ў Мінску, скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Працаваў у БДГ ("Беларуская дзелавая газета"), на "Радыё Рацыя", у "Беларускай газеце", на ўкраінскім тэлеканале ATR і ў іншых вядомых выданнях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі