Для Украіны Беларусь была галоўным "хабам трансплантацыі": што цяпер?
Аперацыя па трансплантацыі печані ў Мінскім навукова-практычным цэнтры хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі / "Звязда"
За гады незалежнасці Украіне не ўдалося пабудаваць уласную сістэму трансплантацыі. Дзесяцігоддзямі грамадзяне краіны вымушаныя былі ехаць па жыццёва неабходныя органы за мяжу. Апошнія пяць гадоў свайго роду хабам трансплантацыі была Беларусь. Аднак сёння праз палітычную сітуацыю ў Беларусі паміж краінамі склаліся напружаныя дыпламатычныя адносіны і закрыты авіязносіны: атрымаць орган там практычна немагчыма. Выданне "Забарона" расказвае, што рабіць тым, каму неабходная перасадка, чаму нельга проста паехаць па сэрца ці печань у іншую краіну і як раённая бальніца на энтузіязме лекараў пачала будаваць сістэму трансплантацыі ва Украіне.
"Наступнага разу можа і не быць"
У сакавіку 2017 года жыццё сужэнцаў Вольгі Крадзянец і Васіля Вісп'янскага кардынальна змянілася. 42-гадовы Васіль — без шкодных звычак, спартыўны, упарта працаваў у аўтатранспартнай галіне — раптам апынуўся на дыялізе — рэгулярнай ачыстцы крыві праз нырачную недастатковасць. У мужчыны дыягнаставалі гломеруланефрыт — паражэнне нырак, праз якое орган ссыхаецца і перастае функцыянаваць.
"Магчыма, гэта наступствы ангіны, якую ён перанёс на нагах у 2007-м, — расказвае Вольга. — Хвароба вельмі падступная і развіваецца павольна, а мы, якія ў жыцці асабліва не хадзілі па лекарах, нават не падазравалі, што падобнае можа здарыцца".
З гадамі Васілю станавілася горш. Бліжэй да 2017-га ён раптам схуднеў. Дайшло да таго, што мужчыну ванітавала нават ад вады.
"У бальніцы доўга не маглі зразумець, што з ім. А калі паставілі дыягназ, сказалі шукаць донара. Без тлумачэнняў. І мы не ведалі, як гэта. Трэба выйсці з транспарантам у Львове ці як?" — са слязамі ўспамінае Крадзянец.
Наступныя паўгода сужэнцы жылі ў агоніі. Ездзілі ў Кракаў у надзеі, што дыягназ не пацвердзіцца. Але на жаль. Спадзяваліся "саскочыць" з дыялізу, таму хапаліся за любыя дадатковыя кроплі і павязкі, якія толькі раілі. Але з дыялізу яшчэ нікога не здымалі проста так. Стаўленне ў Львоўскім медінстытуце, успамінае Крадзянец, у асноўным было халодным і абыякавым: з лекарамі было складана пагаварыць, тлумачэнняў або парад практычна не давалі. Толькі ад іншага пацыента яна даведалася пра дзяржаўную праграму лячэння ўкраінцаў за мяжой: калі з бюджэту аплачваюць аперацыі ў іншай краіне. Аказалася, што трэба сабраць тоўстую тэчку папер — і можна ехаць на трансплантацыю. Але куды?
"Я перабрала кучу варыянтаў: Польшча, Аўстрыя, Індыя, Беларусь, Турцыя... У Польшчы сказалі, што мы не дачакаемся ў іх чарзе ніколі, таму што нам дадуць орган толькі ў пятую чаргу. Спачатку — сваім грамадзянам, потым ідуць жыхары краін Еўрасаюза, тыя, хто мае від на жыхарства, карту паляка. А замежнікам даюць апошнім, і не факт, што супадуць даныя донара і рэцыпіента".
Улічваючы кошт лячэння і аддаленасць краін, адзіным варыянтам заставалася Беларусь. Крадзянец сама падабрала бальніцу ў Брэсце, бо гэты горад бліжэй за ўсё да Львова. Сама размаўляла з лекарамі там. У Міністэрства аховы здароўя Украіны падала ўжо гатовы пакет дакументаў з боку клінікі: яны пацвярджалі, што яе мужа можна апераваць, і выставілі тыповае патрабаванне: поўная перадаплата, якая складала каля 55 тысяч еўра. Сродкі пералічылі літаральна за пару дзён.
"У нас не ўзнікала праблем з перасячэннем мяжы. Пасля выбараў [у 2020 годзе] ў Беларусі сталі правяраць дбайней, але ніколі не забаранялі праезд. У лякарні было выдатнае стаўленне. Па лекарах не трэба бегаць, як у нас, усё чыста, стэрыльна — адчуванне, быццам ты ў Аўстрыі дзесьці", — кажа Крадзянец.
Мужчына стаяў у чарзе на трансплантацыю з 2018-га. Кожныя тры месяцы ён павінен быў перасякаць мяжу для забору сывараткі крыві. Працэдуру коштам каля 250 еўра пацыенты аплачваюць з уласнай кішэні. Але без яе не абысціся. На аснове звестак сыроваткі вызначаюць, ці падыходзіць донар. Захоўваецца яна ў замарожаным выглядзе ўсяго тры месяцы. Калі прапусціць забор аналізаў хоць бы раз, пацыента выкрэсліваюць з чаргі чакання.
"Калі ехалі ў Беларусь у траўні гэтага года, памежнікі задавалі больш пытанняў, патрабавалі пасведчанне аб шлюбе, якога ў нас няма. Прапусцілі ў рэшце рэшт. Я пыталася, ці трэба наступны раз мець гэта пасведчанне, але мне сказалі, што наступнага разу можа і не быць. Без якіх-небудзь тлумачэнняў", — успамінае жанчына.
Падарожжа па органы
Ездзіць па органы за мяжу — звычайная гісторыя для Украіны часоў незалежнасці. Патрэбен касцявы мозг — ліст чакання Турцыі, Ізраіля, Іспаніі ці Германіі адкрыты. Ёсць патрэба ў сэрцы, печані, нырцы або лёгкіх? Тады простая дарога ў Беларусь або Індыю. Кошт перасадкі органа немаленькі. Напрыклад, за нырку ў Беларусі сёння трэба заплаціць больш за 62 тысячы еўра, а за сэрца — амаль 94 тысячы. Каб такія аперацыі былі наогул даступныя радавым грамадзянам, у 1992-м зацвердзілі Дзяржаўную праграму лячэння ўкраінцаў за мяжой. Напрыклад, па звестках Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Украіна, у 2010–2014 гадах дзяржава прафінансавала лячэнне 40 чалавек, у 2015-м — 84, а ў 2021-м урад заклаў у бюджэт выдаткі на 450 пацыентаў з сярэднім коштам лячэння 75 тысяч еўра на кожнага. Але гэтага мала.
Афіцыйных падлікаў, колькім украінцам патрэбна трансплантацыя, не існуе, тлумачыць "Забароне" старшыня грамадскай арганізацыі "Нацыянальны рух "За трансплантацыю" Юрый Андрэеў. Вядомая толькі прыблізная лічба, якую называюць лекары ў мясцовых медустановах, — 5000 пацыентаў у год. Таму, калі зыходзіць з разліку 75 тысяч еўра на аднаго пацыента, штогод Украіна павінна пералічваць за мяжу каля 375 млн еўра, а гэта больш за 7% цяперашняга бюджэту на ўсю сістэму аховы здароўя. Але нават гэта не гарантавала б выратавання людзей.
Індыя перастала рабіць трансплантацыі ўкраінцам яшчэ ў 2018-м. Прычына — змена заканадаўства. Па словах Андрэева, да ўлады ў краіне прыйшлі нацыяналісты, якія пастанавілі: спачатку перасадка органаў індыйцам, а ўжо потым усім астатнім. Але ў Індыю на перасадку едуць не толькі з Украіны, і невядома, у парадку якой чаргі і каму там праводзяць трансплантацыі.
"Калі Індыя перастала праводзіць аперацыі, у спісе чакання стаялі 19 украінцаў. Восем з іх чакалі непасрэдна ў Індыі. За тры гады ва Украіну вярнуліся шэсць цынкавых трунаў замест жывых людзей: яны проста не дачакаліся органаў. А грошы Украіна назад так і не атрымала", — кажа Андрэеў.
Гаворка ідзе пра амаль 1,8 млн еўра, якія засталіся на рахунках індыйскіх клінік. У Міністэрстве аховы здароўя казалі, што бяруць сітуацыю пад кантроль, аднак далей гэтых слоў справа не пайшла, а каманда Мінздароўя змянілася. "Забарона" звярнулася з запытам у Міністэрства аховы здароўя пра лёс гэтых сродкаў, але адказу мы пакуль не атрымалі.
Такім чынам, для ўкраінцаў, якія спадзяюцца на дапамогу дзяржавы ў пытанні трансплантацыі, ледзь не адзіным варыянтам заставалася суседняя Беларусь. Органы не могуць чакаць пацыента вечна. Напрыклад, сэрца трэба ўшыць на працягу чатырох гадзін — інакш яно проста сапсуецца. Таму, калі даныя рэцыпіента супадаюць з данымі донара, аўтаматызаваная сістэма аддае орган таму, хто бліжэй, таму што ў такім выпадку менш шанцаў, што орган знікне. Для ўкраінцаў дабрацца за гэты час да Беларусі самалётам ці нават машынай — рэальна.
Цяпер у спісе чакання трансплантацыі Беларусі знаходзіцца 342 украінцы. За 18 пацыентаў Украіна ўжо разлічылася з клінікамі — гэта 31,3 млн еўра. Але 26 траўня 2021 года Украіна закрыла авіязносіны з Беларуссю. Такое рашэнне ўрад прыняў пасля таго, як Беларусь прымусова пасадзіла самалёт Ryanair з блогерам Раманам Пратасевічам на борце. Украіна гэта зрабіла ўслед за Еўропай, каб "гарантаваць бяспеку палётаў" і аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі. Аднак рашэнне мела наступствы: у Беларусі "захраслі" тыя, хто ўжо з'ехаў на перасадку органаў, і тыя, хто застаўся ў спісе чакання.
Пацыенты пасля трансплантацыі знаходзяцца ў цяжкім стане, а іх здароўю пагражае найменшая інфекцыя. Таму ехаць наземным транспартам складана і рызыкоўна. Каб дабрацца пасля трансплантацыі печані дадому, харькаўчанцы Ганне Курылавай давялося шукаць спецыяльна абсталяваны рэанімабіль: жанчына не магла вытрымаць 20 гадзін дарогі дадому на аўтобусе. Дапамогі давялося шукаць у Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі і ў дэпутатаў. У амбасадзе Украіны ў Беларусі кажуць: кожны выпадак індывідуальны, таму яны кансультуюць і дапамагаюць тым, хто звяртаецца, па магчымасці.
Тыя ж, хто ў спісе чакання, усё яшчэ павінны кожныя тры месяцы ездзіць у Беларусь і здаваць там аналізы — інакш іх выкрасляць з чаргі, тлумачыць Андрэеў. Але ці прапусцяць такіх людзей на мяжы — таксама пытанне.
"Кіраўніцтва Украіны павінна правесці перамовы з кіраўніцтвам Беларусі і атрымаць гарантыі, што людзям, якія стаяць у спісе чакання, дакладна правядуць аперацыі. Каб не здарылася, як з Індыяй, — лічыць актывіст Андрэеў. — Калі гарантый няма, неабходна ставіць пытанне пра вяртанне і людзей, і грошай ва Украіну. Мы ж нават не ведаем, якая квота ў Беларусі на замежнікаў. Яны спачатку даюць органы сваім грамадзянам, а потым усім астатнім. А там лечацца таксама расіяне, казахі. Як ведаць, калі чарга дойдзе да ўкраінцаў?"
У Міністэрстве аховы здароўя запэўніваюць: сродкі вернуць, калі аперацыі не правядуць або чалавек атрымае орган у іншай краіне. Такія механізмы прадугледжаны.
Але на думку Юрыя Андрэева, Украіне даўно пара перастаць фінансаваць трансплантацыі ў іншых краінах і засяродзіцца на тым, каб выбудаваць сістэму перасадкі органаў унутры дзяржавы. Тым больш што пасля 2019 года такая магчымасць сапраўды з'явілася.
"Раёнка"
Крадзянец і Вісп'янскі доўгі час спадзяваліся толькі на Беларусь. Але сітуацыя змянілася два гады таму.
25 снежня 2019-га ў сценах невялікай раённай бальніцы на Валыні ў горадзе Ковель адбылася няпростая размова. Незадоўга да яе туды прывезлі мужчыну з цяжкай чэрапна-мазгавой траўмай. Выратаваць яго не ўдалося — медыкі канстатавалі смерць мозга. Цяпер ад міласэрнасці сваякоў і правільна падабраных слоў лекараў залежала, ці ўратуе загінулы жыцці іншых, стаўшы донарам пасмяротна. Ва Украіне ў пытанні донарства дзейнічае прэзумпцыя нязгоды: гэта значыць, што па змоўчанні чалавек не згаджаецца, каб яго органы трансплантавалі. Змяніць сітуацыю могуць хіба што сваякі. І 25 снежня ў Ковелі яны гэта зрабілі. Ужо праз чатыры гадзіны пасля падпісання дакументаў на донарства на аперацыйным стале "раёнкі" перасаджвалі органы тром пацыентам: двое атрымалі ныркі, адзін — сэрца. Тады, у 2019-м, сэрца ва Украіне перасадзілі ўпершыню за 15 гадоў.
Сенсацыйная трансплантацыя органаў у Ковельскай бальніцы стала магчымай дзякуючы энтузіязму мясцовых лекараў. Увесь час незалежнасці ва Украіне перасадка органаў была чымсьці з разраду фантастыкі, хоць заканадаўча ніхто трансплантацыю не забараняў.
"Праблема была ў тым, што ў законе [прынятым у 1999 годзе] не быў прапісаны парадак трансплантацыі, — тлумачыць кіраўнік Цэнтра транспланталогіі львоўскай Клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Максім Авечка, які раней працаваў з камандай у Ковелі. — Адпаведна, любую памылку ў гісторыі хваробы пацыента можна было трактаваць як парушэнне гэтага парадку. Гэта пагражала лекарам крымінальнай адказнасцю, таму гэтым і баяліся займацца".
Смерць і згода
У законе аб трансплантацыі 2019 года прапісалі парадак, па якім перасаджваюць орган. Спачатку лекары канстатуюць смерць мозга з дапамогай спецыяльнага абсталявання, калі такое ў бальніцы ёсць. Далей — правяраюць у Адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэме трансплантацыі органаў і тканак, ці не даваў чалавек згоды на донарства пры жыцці. Калі даваў, то праводзяць трансплантацыю таму, каму органы падыходзяць. Калі не, лекар можа спытаць дазволу ў сваякоў. Можа, але не абавязаны. І якраз у гэтых двух фактарах — канстатацыі смерці мозга і дазволе з боку сваякоў — спецыялісты бачаць тармажэнне тэмпаў развіцця транспланталогіі ва Украіне.
"У 80 адсотках бальніц проста няма абсталявання, з дапамогай якога канстатуюць смерць мозга. Яго павінны закупляць за кошт мясцовых бюджэтаў [неабходнае абсталяванне для адной бальніцы каштуе 200-300 тысяч грыўняў], але ў асноўным на месцах справа да гэтага не даходзіць", — кажа Юрый Андрэеў.
Іншы момант — дазвол на трансплантацыю ад сваякоў. Па словах Максіма Авечкі, лекарам прасцей правесці дзесяць аперацый, чым адзін раз пагаварыць з блізкімі памерлага. Па законе гэта павінен рабіць трансплант-каардынатар — спецыяліст у бальніцы, які павінен не толькі гаварыць са сваякамі патэнцыйнага донара, а ў цэлым забяспечваць арганізацыю ўсяго працэсу: ад згоды да перадачы органа ў трансплантацыйнае аддзяленне.
"У 90 адсотках бальніц такіх спецыялістаў няма. А там, дзе ёсць, не заўсёды трансплант-каардынатар можа растлумачыць усе нюансы справы, — кажа Авечка. — Тады падключаюцца лекары розных спецыялізацый, каб з навуковага пункту гледжання растлумачыць, што такое смерць мозга і чаму яна прыраўноўваецца да біялагічнай смерці. Але людзі перажываюць цяжкую страту ў гэтыя хвіліны. І складана растлумачыць, што можна зрабіць вялікі жэст — выратаваць двух-трох іншых пацыентаў. Многія проста адмаўляюцца, некаторыя рэагуюць агрэсіўна і ледзь не абвінавачваюць нас у гандлі органамі. Наша грамадства яшчэ не цалкам гатовае да донарства".
Абедзве ўмовы цягнуць за сабой каласальны дэфіцыт органаў ад пасмяротных донараў, працягвае Авечка. Па словах спецыяліста, патрэба ў нырках сёння — паўтары тысячы ў год. За першую палову 2021 года ва Украіне перасадзілі толькі 120. Неабходна мінімум 500 печаняў, а зрабілі — 20. Сэрцаў трэба хоць бы 400, а іх перасадзілі пару дзясяткаў. Лёгкія ж ва Украіне не перасаджваюць наогул.
"Гэта 18-гадзінная аперацыя, якая дае шмат ускладненняў, бо орган пастаянна кантактуе з вонкавым асяроддзем: чалавек дыхае паветрам. І падабраць лёгкія вельмі складана: павінна быць генетычная сумяшчальнасць, памер. За мяжой у донараў, у якіх забіраюць сэрца, толькі ў 20 адсотках выпадкаў бяруць і лёгкія. Для гэтага чалавек павінен весці здаровы лад жыцця і не знаходзіцца доўга на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, таму што орган стане непрыдатным для трансплантацыі. У нас у бальніцы ў месяц усяго толькі адзін-два донары — проста няма з чаго выбіраць", — канстатуе трансплантолаг.
Ва Украіне трэба больш працаваць над папулярызацыяй транспланталогіі. Бо кожны можа яшчэ пры жыцці даць згоду на перасадку сваіх органаў у выпадку смерці. Для гэтага неабходна асабіста звярнуцца ў бальніцу, якая праводзіць трансплантацыі, і напісаць заяву. Рашэнне можна змяніць у любы момант, калі чалавек перадумае.
Паляпшэнне сітуацыі з трансплантацыяй выгаднае не толькі тым, хто чакае орган. Ад гэтага фінансава выйграюць бальніцы. Бо яны атрымліваюць грошы за кожную праведзеную трансплантацыю — а гэта ў дзясяткі і сотні разоў больш, чым за любую іншую аперацыю. Паўтара года таму, кажа Авечка, за нырку бальніца атрымлівала 12,5 тысячы еўра.
"Гэтых грошай упрытык, але хапала на заробкі, расходныя матэрыялы і ўсе лекі пацыенту на рэабілітацыі. У ліпені дзяржава павялічыла фінансаванне. І цяпер за тую ж нырку бальніца будзе атрымліваць 25 тысяч еўра", — адзначае кіраўнік Цэнтра транспланталогіі.
Выгадна гэта і дзяржаўнаму бюджэту. Бо замежныя трансплантацыі заўсёды даражэйшыя, і пракантраляваць, на што менавіта ідуць пералічаныя сродкі, складана.
Транспланталагічная незалежнасць
Украіна можа стаць транспланталагічна незалежнай за пяць гадоў, лічыць Максім Авечка. Яго выснова грунтуецца на тэмпах, з якімі сёння бальніцы нарошчваюць колькасць аперацый, росце колькасці спецыялістаў у гэтай галіне і тэхналагічным прагрэсе.
За паўгода працы ў 2021 годзе львоўская "хуткая" стала другой ва Украіне па аб'ёме трансплантацый: тут перасадзілі 26 нырак, тры сэрцы і адну печань. У планах — адкрыць паўнавартаснае аддзяленне трансплантацыі.
Ва Украіне больш за 30 бальніц сёння атрымалі ліцэнзіі на трансплантацыю, але рэальна пакуль аперацыі праводзіць з дзясятак: у Кіеве, Львове, Ковелі, Запарожжы, Роўне. Для параўнання: у Германіі дзейнічае 30 клінік, якія перасаджваюць толькі ныркі.
Дзяліцца органамі з замежнікамі Украіна зможа тады, калі забяспечыць уласныя патрэбы. Цяпер, кажа Авечка, рэцыпіента можна знайсці для любога органа, бо попыт вялікі. А вось у Іспаніі, якая лічыцца лідарам трансплантацыі ў свеце, здараецца, што проста няма чалавека, якому падышла б, напрыклад, печань. Там не стаяць доўга ў спісах чакання. Таму Іспанія і яшчэ шэраг еўрапейскіх дзяржаў падпісалі мемарандум, згодна з якім дзеляцца непатрэбнымі ўнутры краіны органамі. Калі такі з'яўляецца, яго ўносяць у адзіную еўрапейскую сістэму і падбіраюць рэцыпіента з іншай краіны.
На думку Андрэева, Украіна магла б падпісаць такое пагадненне з суседнімі краінамі. Зрэшты, там пакуль што таксама праблемы — і не толькі з органамі, але і са спецыялістамі.
"У Малдове перасаджваюць ныркі, але ў іх няма спецыялістаў па сэрцах і лёгкіх. Па касцявы мозг яны гэтаксама ездзяць у Беларусь. У Расіі таксама робяць не ўсе аперацыі і не пакрываюць уласных патрэб", — кажа Андрэеў.
Атрымліваецца, Украіне не застаецца нічога іншага, акрамя як развіваць транспланталогію на месцы. А гэта магчыма пры наяўнасці прафесійных лекараў, папулярызацыі донарства, добрага фінансавання і палітычнай волі.
"У нас чамусьці знайшлі мільярды грыўняў на дарогі [гаворка пра прэзідэнцкую праграму "Вялікае будаўніцтва", у рамках якой у 2021-м плануюць рэканструяваць 6,6 тысячы кіламетраў дарог], але не знайшлі грошай на апараты для канстатацыі смерці мозга. Тым часам тысячы людзей чакаюць аперацыі, — падкрэслівае старшыня "Нацыянальнага руху "За трансплантацыю". — Трансплантацыя — гэта шанц, якога трэба дачакацца, а час ёсць не ва ўсіх".
Беларусь уваходзіць у топ-20 краін па перасадцы органаў. Нягледзячы на COVID-19, у першым паўгоддзі 2020 года ў краіне былі праведзены 262 аперацыі па трансплантацыі органаў: 50 перасадак печані, 25 — сэрца, 180 — нырак, 5 — лёгкіх і па адной — комплексаў "сэрца — лёгкае" і "падстраўнікавая залоза — нырка".
Пры падтрымцы "Медиасети"
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.