З-за эпідэміі грыпу фестываль “Музычны апельсін” перанеслі на красавік

Толькі напрыканцы прэс-канферэнцыі фестывалю “Музычны апельсін” арганізатары зрабілі экстранае паведамленне, чым шакіравалі ўсіх прысутных!   “Увага! Шаноўныя сябры! “ПАН-студыя” разумее ўсю адказнасць за здароў’е і жыццё любімых нашых музыкаў, слухачоў і журналістаў, пераносіць “Музычны апельсін” на 8-9 красавіка 2010 года, таму што цяпер нам страшна: клуб, танцы, шмат народу, вірус… ну яго нафіг!” — паведаміў “ПАН-прадзюсер” Зміцер Саладуха і распавёў пра пашырэнне фестывалю і работы “ПАН-студыі”.



Так ў гэтым годзе “Музычны апельсін” з новенькага пакажа слухачам “Кумалёнтрэ”, аўтарскі праект Ксеніі Мінчанкі (“Без билета”, “WZ-orchestra”, “Happy Tree Friends”). Таксама з новай праграмай выступяць “Akana”, Сяргей Пукст і Pukst Band, “Нагуаль” і “Маланка Orchestra”. Увогуле ў фестывалі возьмуць удзел 20  гуртоў.



Лідэр гуртоў “Нагуаль” і “Маланка OrchestraЛеанід Паўлёнак распавёў, што “маланка” на “Музычным апельсіне” зноў выступіць у новым складзе, а “Нагуаль” ператворыцца ў этна-панк: “Сёлета мы будзем граць і з “Нагуаль” і з “Маланка Orchestra”. “Маланка” з’явіцца зноўку ў новым складзе, таму што добрыя музыкі альбо занятыя, альбо іх увогуле не існуе, і таму ў праекце загучаць жывыя інструменты побач з электроннай музыкай. “Нагуаль” жа ператворыцца ў этна-панк!”
  
 

Падчас леташняга выступу на “Апельсіне” Сяргей Пукст зламаў руку, таму граць яму давялося “пад фанеру”. Гэтым разам ён паклікаў на дапамогу іншых музыкаў: “Мой удзел у фестывалі будзе пабольшаным, таму што мінулым разам я граў адзін, а цяпер буду разам з гуртом Pukst Band”. Летась я разнёс амаль што ўсю сцэну. Таму мне страшна ўявіць, што будзе ў гэтым годзе, бо я цяпер здаровы, рука цэлая і нас будзе чацвёра!”

Каб не страчваць час да красавіка, арганізатары “Музычнага апельсіна” вырашылі пашырыць свой фармат і з’явіцца на тэлебачанні з аўтарскай праграмай. Пакуль што на 8-м канале ёсць толькі трансляцыя канцэртаў фестывалю.



“Кожны чацвер у 18.45 па 8-м канале ідзе запіс канцэртаў гуртоў, якія удзельнічалі ў фестывалі першыя два гады. Мы дапамагаем з прамоўшэнам гуртам, якія працавалі з намі. У пятніцу ў 9.30 ідзе паўтор, але зараз мы вядзем перамовы, каб тэлеканал перанёс трансляцыю на нядзелю”, — кажа “ПАН-дырэктар” Аляксандр Астроўскі і распавядае пра аўтарскую тэлепраграму:

"Гэта 20 хвілінная культурна-забаўляльная праграма, якая плануецца выходзіць на беларускім “MTV” па пятніцах ўвечары з паўторам ў нядзелю”.

У сваёй праграме “ПАН-студыя” плануе рабіць аб’ектыўны аналіз таго, што адбываецца ў Мінску і ў Беларусі ўвогуле, каб заахвоціць людзей больш пільна сачыць за культурным жыццём сваёй краіны. Вядучым тэлепраекту стаў Сяргей Пукст.

Ўжо знятыя і змантаваныя дзве праграмы. Зміцер Саладуха вельмі ўражаны працай Сяргея: “Я проста ў захапленні ад таго, як таленавіта працуе Сяргей Пукст , які не мае тэлевізійнага досведу, асабліва ў якасці гаспадара і аўтара праграмы!”



фота: Павел Церашкавец.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі