З-за вялікай аварыі Салігорск суткі заставаўся без пітной вады

Суткі пражылі без гарачай і халоднай вады 120 тысяч жыхароў горада Салігорск Мінскай вобласці. Нагадаем, днём 31 сакавіка адбылася буйная аварыя на мясцовым гарвадаканале. Водазабеспячэнне пачалі аднаўляць толькі ў нядзелю апоўдні.
Пра аварыю ў Салігорску вечарам у суботу Еўрапейскаму радыё паведаміла мясцовая жыхарка Эліна:

“Недзе а палове на другую дня ва ўсім горадзе, дзе жыве каля 120 тысяч чалавек, адключылі ваду. Мы доўга не ведалі ў чым справа, а потым высветлілася, што адбылася вялікая аварыя на водазаборы, які забяспечвае ўвесь горад.

Было аб’яўлена, што вада з’явіцца праз некалькі гадзінаў. Але яна так і не з’явілася. Пачалі падвозіць ваду ў малакавозах.

Аднак паколькі інфармацыя прайшла толькі па мясцовым радыё і тэлебачанні, а гэта працуе далёка не ва ўсіх, людзі не ведалі, калі і куды неабходна прыходзіць за вадой. У выніку большасць засталася без вады.”


Мы датэлефанаваліся да дзяжурнага Салігорскага гарвыканкама. Ён пацвердзў, што сапраўды здарылася аварыя:

"У нас сапраўды ЧП, але па больш дакладную інфармацыю званіце ў штаб грамадзянскай абароны".

- Ці можаце вы пацвердзіць, што ў Салігорcку адбылася аварыя, з-за якой горад застаўся без вады?

Штаб грамадзянскай абароны: - Званіце ў гарвадаканал. Я пакуль не буду нічога каментаваць.

Дзяжурны салігорскага гарвадаканала спадарыня Мяшковіч:

- Адбыўся прарыў на вадаводзе з другога пад’ёму. Людзі цяпер працуюць. Калі будуць завершаныя рамонтныя працы не магу сказаць, але аб’ём працы вялікі. Людзей забяспечваем пітной вадой. Развозім малакавозамі і пітнымі бочкамі, машыны запраўляюцца ў Дубеі, гэта 7 км ад Салігорску. Нам у гэтым дапамагае МНС. Пакуль вады не хапае. Па меры паступлення заявак на пітную ваду стараемся іх забяспечваць.

Ліквідацыя наступстваў аварыі доўжылася да раніцы нядзелі. Як нам паведамілі ў салігорскім гарвадаканале, раніцай 1 красавіка падача вады ў кватэры гараджан "ужо паступова пачалася". Да вечара яна павінна з'явіцца ва ўсіх дамах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі