За кантрабанду лекаў "Ozempic" у Брэсце асудзілі траіх чалавек

За кантрабанду "Ozempic" асудзілі трох чалавек

За кантрабанду "Ozempic" асудзілі трох чалавек / pixabay.com

30 жніўня суд у Брэсце вынес прысуды тром чалавекам — іх прызналі вінаватымі ў кантрабандзе лекаў амаль на мільён рублёў, паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога суда.

Двое мужчын і жанчына хацелі перавезці з Польшчы ў Расію буйную партыю лекаў "Ozempic". Гэты прэпарат ад дыябету другога тыпу выкарыстоўваецца і для пахудання. Ён выпускаецца ў выглядзе шпрыцаў-дазатараў, падобных да асадак.

Махінатары шукалі тых, хто едзе ў Беларусь, і прапаноўвалі ўзяць з сабой прэпарат — нібыта для асабістага карыстання. Яны раздалі ў Польшчы 378 упаковак "Азэмпіку" агульным коштам больш за 565,5 тысячы рублёў. Лекі ўдалося пераправіць праз мяжу ў Брэсце 18-21 кастрычніка 2023 года. Адна з удзельніц групы плаціла людзям за правоз лекаў і захоўвала прывезены тавар у сябе дома. За гэта яна атрымала ад іншага ўдзельніка як мінімум 100 еўра.

Трэці фігурант таксама збіраў і захоўваў прэпарат у сябе дома ў Брэсце. Ён 19-29 кастрычніка прыняў партыю з 254 упаковак коштам 375,1 тысячы рублёў.

На судзе ўсе трое прызналі віну часткова. Трэці абвінавачаны не прызнаў віну па асобных эпізодах.

Суд прызнаў змякчальнымі абставінамі наяўнасць у жанчыны малалетняга дзіцяці і тое, што яна добраахвотна выплаціла даход, атрыманы злачынным шляхам. Ёй прысудзілі пяць гадоў калоніі з адтэрміноўкай прысуду на тры гады. Яна павінна выплаціць штраф 12 тысяч рублёў. Таксама ёй забаронена пераязджаць з Брэста.

Адзін з мужчын асуджаны на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 12 000 рублёў. Да яго ўжылі амністыю і скарацілі тэрмін на год.

Трэцяму абвінавачанаму таксама прызначылі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і паводле амністыі скарацілі тэрмін на адзін год. Таксама ён аштрафаваны на 12 000 рублёў і пазбаўлены вайсковага звання "падпалкоўнік запасу".

Увесь кантрабандны прэпарат быў канфіскаваны.

Пра затрыманне групы, якая правозіла праз мяжу "Ozempic" мытнікі паведамлялі ў студзені. Гаварылася, што арганізаваў 56-гадовы грамадзянін Расіі, а дапамагаў яму 54-гадовы жыхар Брэста. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі