За месяц цана на кватэру вырасла на 18 тысяч долараў

Сёння адзін квадратны метр дасягае ў сваёй цане двух тысячаў долараў. Яшчэ месяц таму свой уласны метр можна было набыць на паўтысячы долараў менш. Што ўжо казаць пра пяцігадовую даўніну, калі аднапакаёвая хрушчоўка была таннейшая чым сёння ў 5 разоў… Пагартаўшы газеты і пазваніўшы па некаторых аб’явах, мы даведаліся, што, да прыкладу, аднапакаёвая кватэра на 34 метры па вуліцы Маякоўскага каштуе 67 тысячаў долараў, саракасяміметровая двухпакаёўка на Варанянскага — 80 тысячаў, трохпакаёўку на Ульянаўскай можна набыць за 115 тысячаў.

Пакупнікі скардзяцца, што не паспяваюць так хутка зарабляць грошы, рыэлтары ў адказ толькі паціскаюць плячыма. Гаворыць супрацоўніца агенства нерухомасці “Тэтравіта” Дыяна:

“Вам падымуць цану на 5 тысяч, вядома, пакупнікі выражаюць незадаволенасць, але сродкі звычайна знаходзяць, калі хочуць вырашыць сваё кватэрнае пытанне. Скандаляць, але ж мы тут не вінаватыя. Мы не можам загадаць чалавеку прадаць кватэру менавіта па такой цане, па якой вы дамовіліся. У нас за месяц памянялася цана на 18 тысяч на кватэру”.

На сёння чыстых продажаў амаль няма. У асноўным людзі мяняюць свае кватэры на іншыя. Таму і атрымліваецца, што адзін прадавец падняў цану — тое ж самае вымушаныя зрабіць і ўсе астатнія ў гэтым ланцугу. А кагосьці першым падымаць цану прымушае верагоднасць недаацаніць сваю кватэру. Таму гэты хтосьці і завышае кошты, спрабуючы прадбачыць развіццё сітуацыі на рынку нерухомасці.

У такім становішчы колькасць прапановаў працягвае памяншацца. Прадаўцы бачаць рост цэнаў і вырашаюць пачакаць, каб яшчэ больш зарабіць на продажы кватэры. А попыт расце. Людзі, не ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, хочуць укласці свае грошы, бадай, у самую прыбытковую на сёння сферу — нерухомасць. Купілі і тую кватэру, якая за месяц падаражала на 18 тысяч долараў.

Прычыны сітуацыі, якая склалася, тлумачыць эканаміст Аляксандр Чубрык:

“На пачатку гэтага года быў ажэатажны попыт на ўсё, што толькі можна набыць, таму што ўсе бачылі гэтыя праблемы ў беларуска-расійскіх адносінах і проста спрабавалі накіраваць грошы ў нерухомасць. Гэта першы фактар, больш макраэканамічны.

Другі фактар — гэта тое, што зараз амаль спынена долевае будаўніцтва. Выходзіў загад прэзідэнта, што долевае будаўніцтва можа весціся толькі з прыбытку, то бок, за ўласныя сродкі.

Ну і трэцяе — у Мінску павялічыўся тарыф, які бралі з фірмаў, што будавалі ў Мінску жыллё. Ён раней складаў палову базавай велічыні на адзін мільён выдаткаў. А зараз яго могуць павелічаць да 15 базавых велічыняў”.

Такім чынам атрымліваецца, што кватэры могуць даражэць і далей не толькі па ўласным жаданні прадаўцоў, але і з-за таго, што дзяржава будзе абкладаць іх падаткам.

Таму калі вы сапраўды разлічваеце на пэўную суму грошай, — купляйце, не вагаючыся — раяць агенты па нерухомасці:

“Дорага. Дык а што рабіць? Кошты растуць і растуць. Прадаўцы хочуць усё больш і больш. Хочаце – купляйце”.

Цана, а з ёй і ўсе вашыя планы на ўласны куток могуць змяніцца ў адзін момант.


Фота — www.idh.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі