Забіты ў Сірыі баец ІГІЛ — беларус, а не чачэнец, адзіны сын у маці
Грамадзянін Беларусі Дзяніс Васільеў, пра гібель якога перадаў сайт Kurdish Daily News, не любіў выстаўляць пра сябе інфармацыю ў інтэрнэце. Засвяціўся ён толькі аднойчы — у 2010 годзе, калі пра яго напісаў аўстрыйскі партал Vorarlberg Online. На грамадскім мерапрыемстве, прысвечаным бежанцам, журналіст сцісла паведаміў, што Дэні Васільеў шосты год запар не можа легалізавацца ў Аўстрыі… Дарэчы, у 2012 годзе хлопец усё ж здолеў атрымаць від на жыхарства ў гэтай краіне.
А сёлета ў пачатку снежня ў сеціве з’явіліся фотаздымкі забітага ў Сірыі байца ІГІЛ і шматлікія ідэнтыфікацыйныя карткі на імя Васільева, якога назвалі “чачэнцам з Беларусі”. У сеціва выклалі здымкі віда на жыхарства, візітоўку дантыста, пасведчанне аб заканчэнні прафесійных курсаў і картку з турэцкага гатэля, дзе ён спыняўся.
“Ён у мамы адзіны сын, адзіны быў прамень у цёмным царстве”
Дзяніс Васільеў правёў ранняе дзяцінства ў Гродне, але пераехаў жыць у Чачэрск Гомельскай вобласці, дзе скончыў мясцовую школу №2. Пасля вярнуўся ў Гродна, адкуль з’ехаў у Заходнюю Еўропу.
Маці Ларыса дагэтуль жыве ў Чачэрску.
“Яна, можа, і дагэтуль не ведае пра гэта… Гэта адзіны сын, адзіны быў прамень у цёмным царстве. Яна яго так любіла! Увогуле не ведаю, што з гэтай жанчынай будзе. Быў цудоўны хлопец. Гэта без падману я вам кажу. Мама ж гэтага не хацела. Яна ж спадзявалася, што ён там добра жыве і ўсё ў яго нармальна”, — апавядае Еўрарадыё школьная настаўніца Дзяніса Васільева.
Еўрарадыё: Чаму яго называюць чачэнцам?
Настаўніца Васільева: Калі па метрыках выпісвалі яму пасведчанне аб адукацыі, там было сказана, што ён беларус. Бацьку яго роднага я ніколі не бачыла. Яны да нас прыезджыя з Гродна. Скончыў школу, назад у Гродна паехаў. Больш я яго не бачыла.
Ці даставяць цела Васільева ў Беларусь, невядома
Журналісты “Комсомольской правды” пабывалі на вуліцы Пралетарскай у Гродне, дзе Васільеў спыняўся, калі прыязджаў у Беларусь. Паводле інфармацыі TUT.BY, хлопец жыў у кватэры сваёй бабулі.
Суседзі запомнілі Дзяніса, як ветлівага хлопца, які адгукаўся на просьбы аб дапамозе. Таксама людзі прыгадалі каларытную бараду Дзяніса і тое, што ён любіў катацца на матацыклах побач з домам.
Яшчэ ў 2014 годзе Васільеў не пісаў на сваёй старонцы ў сацсетках нічога, звязанага з джыхадыстамі. Збольшага ён любіў фатаграфаваць ежу і аўстрыйскія краявіды.
Таму сёння складана зразумець, якім чынам Дзяніса Васільева зацягнула на бок экстрэмістаў з ІГІЛ. Магчыма, жыццё хлопца ў Аўстрыі складвалася не самым лёгкім чынам, пытанне з легалізацыяй і працаўладкаваннем доўга не вырашалася, і ў няпросты момант беларус трапіў пад уплыў радыкальных ісламістаў.
Васільеў жыў у аўстрыйскім Брэгенцы. Калі ў сацыяльных сетках, папулярных у рускамоўным сегменце інтэрнэта, адфільтрафаваць карыстальнікаў па назве горада, то пераважная большасць прафайлаў належыць прадстаўнікам Каўказа. Магчыма, жыхары Брэгенца санкцыянавана папаўнялі шэрагі ІГІЛ, і беларуса сярод прадстаўнікоў Каўказа з-за доўгай барады памылкова прынялі за чачэнца.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі на момант падрыхтоўкі матэрыяла пакуль не ведалі дакладнай інфармацыі пра грамадзянства і статус Дзяніса Васільева. Інфармацыя правяраецца.
Ці змогуць даставіць цела загінулага ў Беларусь, пакуль не вядома.