Забудоўшчыкі: дайце падатковую “амністыю” гаспадарам элітных кватэр

Асацыяцыя забудоўшчыкаў аб’ектаў жыллёвага будаўніцтва прапануе не прымяняць меры ўздзеяння да асобаў, якія набылі жыллё павышанай камфортнасці і ў дачыненні якіх падатковыя органы Мінска запатрабавалі дэкларацыі аб даходах і маёмасці.

Гэту тэму абмяркоўвалі на паседжанні асацыяцыі 15 траўня. Нагодай сталі заявы намесніка начальніка інспекцыі МПЗ па Мінску Галіны Гурыновіч на прэс-канферэнцыі 14 траўня. Паводле яе інфармацыі, падаткавіка запатрабавалі дэкларацыі ў грамадзян, якія з пачатку 2015 года зрабілі буйныя пакупкі, у тым ліку тыя, якія адразу, а не ў крэдыт ці растэрміноўку, набылі элітныя кватэры.  

Як адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН сябра савета Асацыяцыі забудоўшчыкаў аб’ектаў жыллёвага будаўніцтва, генеральны дырэктар фірмы “Арэса-Сервіс” Сяргей Карэнька, гэта шкодная з’ява. Ён мяркуе, што цяпер наадварот трэба стымуляваць набыццё нерухомасці, бо на рынку жылля назіраецца сур’ёзная стагнацыя. Што да элітнага жылля, то гэта вельмі вузкі сегмент, які займае ўсяго 5% у структуры прапановы, але цяпер продажы на ім практычна спыніліся.

Карэнька заяўляе, што сябры аб’яднання лічаць неабходным правесці свайго кшталту “амністыю” для тых, хто трапіў у поле зроку падаткавікоў. 

Ілюстратыўнае фота з сайта prostoinvesticii.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі