Заходнія СМІ абвяргаюць абвінавачванні ў тым, што загадзя ведалі пра напад ХАМАС

Пазаштатныя супрацоўнікі заходніх СМІ здымаюць выкраданне ізраільцянкі ў Газе

Пазаштатныя супрацоўнікі заходніх СМІ здымаюць выкраданне ізраільцянкі ў Газе / HonestReporting

Інфармацыйныя агенцтвы Reuters і Associated Press, а таксама тэлекампанія CNN і выданне New York Times пракаментавалі сітуацыю са сваімі пазаштатнымі карэспандэнтамі ў Газе. У Ізраілі мяркуюць, што стрынгеры з Газы, якія супрацоўнічаюць з заходнімі СМІ, маглі загадзя ведаць пра напад ХАМАС на Ізраіль. Пра гэта распавядае ВВС.

Падставай для такіх абвінавачванняў стала фота, якое апублікаваў рэсурс HonestReporting. На здымку побач з баевікамі ХАМАС, якія ўрываюцца ў Ізраіль, бачны фатограф Хасан Эслайя (супрацоўнічае з AP і CNN) і фатограф Юсеф Масуд, які супрацоўнічаў з NYT. У сувязі з гэтым міністр сувязі Ізраіля Шлома Кархі звярнуўся да кіраўніцтва гэтых рэсурсаў, а таксама да Reuters.

"Нам стала вядома, што некаторыя супрацоўнікі вашай арганізацыі, уключаючы фатографаў, былі загадзя дасведчаныя аб гэтых жудасных дзеяннях і, магчыма, падтрымлівалі сувязь са злачынцамі", — гаварылася ў лісце.

У СМІ адкінулі ўсе абвінавачванні і заявілі, што не ведалі загадзя аб нападзе, які рыхтуецца. AP і CNN адзначылі, што ўжо разарвалі адносіны з фатографам Хасанам Эслаяй. Гэта адбылося пасля таго, як ён быў з баевікамі ХАМАС падчас нападу. "Першыя фатаграфіі, атрыманыя AP ад пазаштатнага супрацоўніка, паказваюць, што яны былі зробленыя больш чым праз гадзіну пасля пачатку нападу. Ніхто з супрацоўнікаў AP не знаходзіўся на мяжы падчас нападу, і ніхто з супрацоўнікаў AP не перасякаў мяжу", — гаворыцца ў заяве дырэктара па сувязях са СМІ агенцтва Ларэн Істан. У Reuters таксама заявілі, што фатаграфіі, апублікаваныя агенцтвам, "былі зробленыя праз дзве гадзіны пасля таго, як ХАМАС выпусціў ракеты па поўдні Ізраіля, і больш чым праз 45 хвілін пасля таго, як Ізраіль паведаміў, што баевікі перасеклі мяжу".

Выданне New York Times у адказ на зварот ізраільскага міністра напісала, што фатограф Масуд у дзень нападу не працаваў у Times, але "з тых часоў ён выконваў для нас важную працу, няма ніякіх доказаў інсінуацыям HonestReporting". У рэдакцыі выдання таксама падкрэслілі, што іх супрацоўнік не рабіў нічога супрацьзаконнага, а "рабіў тое, што заўсёды робяць фотажурналісты падчас буйных навінавых падзей, дакументуючы трагедыю па меры яе развіцця".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі