Замежныя СМІ пра Домрачаву: Як Б'ёрндален і са стальнымі нервамі
Як на Захадзе адрэагавалі на трыумф беларускай біятланісткі?
Трэці залаты медаль Дар’і Домрачавай на Алімпійскіх гульнях не застаўся незаўважаным у свеце.
“Дар’я Домрачава — сапраўдная каралева біятлона ў Сочы. Першая беларуска, якая выйграла “золата” на зімовых Гульнях, — гэта гонар. Як і падчас мінулых перамог, яна адсунула супернікаў на бяспечную адлегласць. Дзякуючы дакладнай стральбе і хуткаму бегу на лыжах яна павялічвала адрыў да некалькіх кіламетраў”, — апісвае дасягненні і спартовыя якасці Тэлебачанне Францыі. Між іншым узгадваючы і яшчэ адзін рэкорд Домрачавай: яна стала першай біятланісткай, якая сабрала тры “золаты” падчас адных Гульняў.
Іспанскае выданне Hola сцвярджае, што біятланістка блізкая да таго, каб стаць легендай. Як Уле-Эйнар Б’ёрндален, які на Алімпіядзе 2002 года ўзяў чатыры залатыя медалі.
Hola: “Выглядае на тое, што Домрачава разбівае ўсе прагнозы наконт гонкі на трасе Лаўра ў Сочы. Бо Беларусь не толькі выйграла ў трох з чатырох стартаў, у якіх брала ўдзел, але і зрабіла гэта з разгромнай перавагай”.
Тым часам тэлеканал CNN уключыў Беларусь у свой чарговы рэйтынг. Але ў адрозненне ад мінулага, які назваў манумент “Мужнасць” у Брэсце адным з самых “выродлівых” у свеце і скончыўся скандалам, гэты куды больш пазітыўны. Перамога Дар’і Домрачавай была названая адным з пяці самых яркіх момантаў 17 лютага на Алімпіядзе ў Сочы.
CNN: “Вітаем Дар’ю Домрачаву! Вы не ведаеце, хто гэта? Тады вы не з Беларусі. Яна вядучы прызёр гэтых Алімпійскіх гульняў (пакуль што). На самой справе, яна толькі 10-я жанчына, якая выйграла тры залатыя медалі на адной Алімпіядзе. І алімпіец, які найбольш выйграе, у гісторыі сваёй краіны”.
А нямецкі інтэрнэт-партал spox.com робіць сваю простую заўвагу: “Домрачава піша гісторыю”. У той час як агенцтва “Франс-Прэс” звяртае сваю ўвагу на стальныя нервы спартсменкі. Бо перад тым, як прыйсці да фінішу, яна памылілася на апошняй стральбе стоячы. Але, на шчасце, гэта не перашкодзіла адсвяткаваць перамогу.
Фота: Nordic Focus