Запісаны ў лесе новы альбом Port Mone выдадзены ў Еўропе
Афіцыйны рэліз “Thou” адбудзецца 8 верасня на славацкім лэйбле Hevhetia.
8 верасня на буйным славацкім лэйбле Hevhetia выйдзе другі донгплэй мінчан Port Mone “Thou”. Новая праграма была абкатаная гуртом на шматлікіх еўрапейскіх і беларускіх фэстах.
Кружэлка стала свайго роду эксперыментам гурта з гукам. Музыкі адмовіліся ад студый гуказапісу і перавезлі неабходнае абсталяванне ў лес, дзе і адбыўся запіс дыска. Праз такі падыход раскрываецца і галоўная творчая місія Port Mone — “зварот да нечага натуральнага, чыстага і першароднага ў чалавечай душы, да таго, што існуе па-за сацыяльнымі ўмоўнасцямі і нормамі”.
Па словах музыкаў, “кампазіцыі альбома складаюць своеасаблівую карту глыбінных перажыванняў сапраўднасці ў абставінах, добра знаёмых кожнаму з нас — закаханасці, здрады, чакання, страты, адчаю, спакою, шчасця”.
Альбом “Thou” можна набыць на amazon.com і на афіцыйным сайце лэйбла.
Паводле прэс-рэлізу
Чытайце таксама: Port Mone "Thou", рэцэнзія