Заплечнік Казекі і алімпійскі біп Гуськовай выстаўленыя на аўкцыён

Заплечнік Казекі і алімпійскі біп Гуськовай выстаўленыя на аўкцыён

Пасля перамогі на Алімпіядзе ў Пхёнчхане беларуская фрыстайлістка Ганна Гуськова паведаміла, што яна выйграла заплечнік трэнера зборнай Мікалая Казекі. Партал tut.by даведаўся, пра што ідзе гаворка. 

Заклад паміж Гуськовай і трэнерам быў заключаны падчас перадалімпійскага збору ў Японіі. Там Казека бегаў з падапечнымі кросы з заплечнікам на плячах, кажа трэнер нацыянальнай каманды па фрыстайле Міхаіл Курловіч. Гуськовай спадабаўся заплечнік, і яна паабяцала выйграць медаль, калі ёй падораць яго. 

Па словах Казекі, гэтым заплечнікам ён карыстаўся з 1992 года. "У гэтым заплечніку — практычна ўся гісторыя беларускай лыжнай акрабатыкі. Яго атрымаў ад нашага першага фундатара — аўстрыйскай кампаніі Tyrolia, і з таго часу ён заўсёды быў са мной", — кажа трэнер. 

Гуськова выйграла спрэчку, але потым не хацела забіраць заплечнік, бо Казека ім даражыў. Рашэнне падказаў Міхаіл Курловіч: ён прапанаваў выставіць заплечнік на дабрачынны аўкцыён на карысць прытулку для бяздомных жывёлаў. Ідэя спадабалася і Гуськовай, і Казеку, бо ў кожнага з іх ёсць дома сабака і кошка.

Акрамя заплечніка, вырашана выставіць на дабрачынны аўкцыён біп, у якім Гуськова перамагла на Алімпіядзе ў Пхёнчхане. На ім ёсць аўтограф і пажаданне ад спартсменкі. Гэта яе дэвіз "Толькі ўзлёты — ніякіх падзенняў". А на заплечніку паставіў свой аўтограф Мікалай Казека.

Дапамога ад продажу артэфактаў пойдзе прыватнаму прытулку "Дом Сабачай Надзеі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі