Затрымалі абаронцу Курапатаў рэжысёра Аляксея Туровіча
У Мінску 12 чэрвеня міліцыянты затрымалі рэжысёра Аляксея Туровіча — аднаго з абаронцаў Курапатаў. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміў адзін з кіраўнікоў аргкамітэта БХД Павел Севярынец.
Па яго словах, Туровіча затрымалі пасля завяршэння акцыі ў абарону Курапатаў на вуліцы Карбышава. Мужчыну зацягнулі ў міліцэйскую машыну і павезлі ў пастарунак. Прычыну затрымання міліцыянты не патлумачылі.
Аляксей Туровіч — аўтар фільму "Жоўты пясочак" паводле твору Васіля Быкава. Стужка прысвечаная акурат расстрэлам у Курапатах. Туровіч таксама актыўна ўдзельнічае ў пратэстах супраць рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў.