Завяршылася кампанія, якая паспрабавала разварушыць беларусаў
У "Зробім лепш!"-2013 бралі ўдзел 27 грамадскіх арганізацый з розных рэгіёнаў Беларусі.
Вось што распавёў Еўрарадыё пра вынікі агульнанацыянальнай кампаніі адзін з яе ідэйных натхняльнікаў Вацлаў Арэшка (на здымку справа):
"Асноўныя мэты, асноўны вынік — гэта спроба крыху змяніць саміх людзей, каб яны навучыліся салідарным дзеянням, навучыліся адстойваць свае правы. Усвядомілі, што нешта можна зрабіць самому, не звяртаючыся ў вышэйстаячыя органы, як кажуць. Гэта тое, чаго не хапае ў нашым грамадстве — нейкай грамадскай салідарнасці. Тое, з чаго будуецца грамадзянская супольнасць, дэмакратыя".
Арэшка адзначае, што "ніякіх зменаў у грамадстве не адбудзецца, пакуль не зменяцца самі людзі". Таму кампанія і прыклала нямала намаганняў па іх актывізацыі.
Дарэчы, у адрозненне ад ранейшых кампаній "Зробім лепш", якія адбываліся каля дзесяцігоддзя таму, сёлетняя (а яна пачалася летам 2013-га) шмат у чым была арыентаваная "на культурныя ініцыятывы, на чалавечыя адносіны", кажа Вацлаў Арэшка. Нямала цікавых і крэатыўных ініцыятываў было рэалізавана. Напрыклад, у Гомелі грамадскімі актывістамі была створаная "незвычайная мапа горада з нестандартным падыходам да яго гісторыі і культуры".
Адзначым, што большасць удзельнікаў "Зробім лепш"-2013 — гэта моладзь.
Фота — belngo.info