Жэрар Дэпардзьё сыграе Сталіна ў фільме Фані Ардан
Французскі акцёр і грамадзянін Расіі Жэрар Дэпардзьё сыграе савецкага дыктатара Іосіфа Сталіна ў новым фільме Фані Ардан з працоўнай назвай Le divan de Staline (“Канапа Сталіна”). Пра гэта паведамляе rbc.ru са спасылкай на кінаканцэрн “Масфільм”.
Стужка стане экранізацыяй аднайменнага рамана папулярнага ў Францыі пісьменніка Жан-Даніэля Бальтаса. Фільм будзе здымаць франка-партугальская кампанія Leopardo Filmes. Расійскі “Масфільм” дасць для здымак рэквізіт і касцюмы.
Гэта будзе гісторыя маладога мастака Данілава, якому ў 1950 годзе даручылі стварыць манумент Сталіна пад назвай “Бацька народаў”. Ён накіроўваецца ў таемную рэзідэнцыю Сталіна, дзе перад сустрэчай вымушаны будзе прайсці допыт у КДБ.
Жэрар Дэпардзьё тры гады таму са скандалам адмовіўся ад французскага грамадзянства пасля таго, як урад Францыі ініцыяваў увядзенне падатку для багатых. Акцёр атрымаў расійскі пашпарт, але не выбраў Расію сталым месцам пражывання. Ён жыве пераважна ў Бельгіі.
Сёлета славуты артыст наведаў Беларусь і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Фота: БЕЛТА