Жлобінец знайшоў на дачным участку рэшткі 22 вінтовак часоў вайны
Мужчына збіраўся высадзіць на гародзе саджанцы.
Незвычайную знаходку выявіў на сваім дачным гародзе жыхар Жлобіна.
На сваім лецішчы ў вёсцы Завод мужчына збіраўся высадзіць у гародзе саджанцы дрэваў. Выкапаўшы невялікі пласт, ён наткнуўся на металічны прадмет. Калі ён выцягнуў знаходку з зямлі, то ў яго руках апынулася зброя. Следам за ёй жлобінец дастаў яшчэ тры вінтоўкі, паведамляе БЕЛТА.
Мужчына затэлефанаваў у аператыўна-дзяжурную службу Жлобінскага РАУС і паведаміў пра знаходку. На месца здарэння прыбыў участковы інспектар міліцыі і група размініравання. Яны выкапалі на ўчастку яшчэ 18 вінтовак.
Паведамляецца, што на ўчастку знайшлі 21 дробнакаліберную вінтоўку і 1 вінтоўку Мосіна. Зброю перадалі на захоўванне ў Жлобінскі РАУС, а потым яе накіруюць для вывучэння ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Гомельскай вобласці.
Фота — uvd.gomel.by