Журналістку Таццяну Каравянкову дапыталі ў прысутнасці яе адваката

Журналістку Таццяну Каравянкову дапыталі ў прысутнасці яе адваката

9 жніўня ў Следчым камітэце адбыўся допыт журналісткі БелаПАН Таццяны Каравянковай. Як паведамляе прэс-служба БАЖ, допыт журналісткі адбываўся ў прысутнасці яе адваката.

На папярэдніх допытах Каравянкова адмаўлялася адказваць, бо да яе не пускалі яе адваката. 

Дарэчы, заўтра ў 11.10 заканчваецца тэрмін затрымання журналісткі. І на заўтра ж прызначана наступнае следчае дзеянне, але час не агучаны.

Паведамляецца, што Каравянкова атрымала перадачу ў ізалятар і дзякуе ўсім, хто ёй дапамагае. Яна пачуваецца нармальна, настрой бадзёры. Праўда, дзяўчына скардзілася на павышаны ціск.

Падчас затрымання Каравянкова знаходзілася ў ізалятары на Акрэсціна. Але ні з кім з фігурантаў "справы БелТА" не перасякалася.

Таццяну Каравянкову затрымалі 7 жніўня. Сёння таксама па "справе БелТА" затрымалі галоўную рэдактарку агенцтва БелаПАН Ірыну Леўшыну. Акрамя таго, па гэтай справе затрыманыя супрацоўніцы партала tut.by Марына Золатава, Галіна Уласік, Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак. 8 жніўня Следчы камітэт затрымаў журналістаў Паўлюка Быкоўскага і Аляксея Жукава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі