Жыхар Слоніма гаварыў з гродзенскай міліцыяй, калі ўварваліся мясцовыя сілавікі
Як мінімум адзін ператрус па крымінальнай справе па артыкуле "Тэрарызм" адбыўся і ў Слоніме (Гродзенская вобласць). Як піша gs.by, 8 ліпеня на працы быў затрыманы слонімец Аляксандр Салейка. Калі ў памяшканне ўварваліся трое сілавікоў (супрацоўнікаў КДБ, адзін з якіх быў у балаклаве), ён якраз размаўляў па тэлефоне з прадстаўніком Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама — абмяркоўваліся ранейшыя дзеянні слонімскіх міліцыянераў. "Госці" загадалі размову спыніць і павезлі Салейку на аўтамабілі ДАІ ў бацькоўскі дом, дзе правялі ператрус, забралі яго тэлефон і ноўтбук бацькі.
Далейшы допыт у міліцыі Аляксандр Салейка палічыў фармальнасцю, бо нічога не фіксавалася. Яго адваката не дапусцілі. "Як я зразумеў, сутнасць усіх іх дзеянняў — гэта пошук удзельнікаў і адміністратараў непажаданых ім тэлеграм-каналаў, — кажа Салейка. — Мяне папрасілі не пакідаць горад, паколькі далейшыя дзеянні са мной будзе праводзіць следчы з Мінска".
Летась Салейка пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю — яго аштрафавалі, асудзілі на трое сутак арышту, пазбавілі права на кіраванне аўтамабілем. Ён спрабуе абскардзіць гэтыя дзеянні мясцовай міліцыі і ўладаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.