Жыхары Зімбабвэ выйшлі на вуліцу з лозунгам “Мугабэ, сыходзь!”

Жыхары Зімбабвэ выйшлі на вуліцу з лозунгам “Мугабэ, сыходзь!”

Тысячы людзей выйшлі на вуліцы сталіцы Зімбабвэ Харарэ прывітаць армію, якая з серады ўтрымлівае пад хатнім арыштам прэзідэнта Роберта Мугабэ. Яны запатрабавалі адстаўкі 93-гадовага прэзідэнта, які знаходзіцца пры ўладзе ўжо 37 гадоў.

Як перадае ВВС, у людзей прыўзняты настрой, яны абдымаюцца з салдатамі і дзякуюць ім за мірнае ўмяшанне. Дэманстранты трымаюць плакаты “Мугабэ, сыходзь!”

Вайскоўцы ўтрымліваюць Мугабэ з серады. Некаторыя міністры яго кабінета затрыманыя. Армія дамагаецца добраахвотнай адстаўкі нязменнага лідэра краіны. Таго ж патрабуюць кіруючая партыя ЗАНУ-ПФ, ўплывовая Асацыяцыя ветэранаў вайны і лібэральная апазыцыя.

Па словах аднаго з пратэстоўцаў, суботняя акцыя закліканая "пакласці канец аўтарытарнага праўлення".

Армія ўмяшалася ў сітуацыю пасля таго, як Мугабэ на мінулым тыдні звольніў свайго даўняга паплечніка, 75-гадовага віцэ-прэзідэнта краіны Эмерсона Мнангагву, якога ўспрымалі як магчымага пераемніка.

Звальненне ўскосна пацвердзіла асцярогі, што 93-гадовы лідэр хоча перадаць уладу сваёй жонцы Грейс, якая на 40 гадоў маладзейшая за яго.

Звольнены віцэ-прэзідэнт Мнангагва мала чым адрозніваецца ад Мугабэ. Ён ветэран і ключавы сувязны паміж арміяй, сіламі бяспекі і кіруючай партыяй ЗАНУ-ПФ.

Калі ён стане прэзідэнтам, не выключана, што Мугабэ можа застацца цырыманіяльным кіраўніком краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі