Жыхар Кіева паказаў, як выглядае нязломны пераднавагодні горад
І ў мірны, і ў ваенны час гэты воўк сустракае кіяўлян на Майдане Незалежнасці
На гэтым тыдні ў Кіеве ўсталявалі ёлку, а закрытая з першых дзён вайны цэнтральная станцыя метро "Майдан Незалежнасці" зноў пачала прымаць пасажыраў. Кіяўлянін Аляксандр распавёў Еўрарадыё аб атмасферы горада ў гэтыя дні.
"Днямі адкрылі станцыю метро "Майдан Незалежнасці". Паколькі цяпер працую на Хрэшчатыку, менавіта гэты прыпынак вельмі важны для мяне і супрацоўнікаў нашай кампаніі. Ад майго дома мала чым можна дабрацца на працу, хіба што пешшу або на самакаце. Апошні варыянт ужо сапраўды не актуальны, бо на вуліцы мароз.
Цяпер закрытая з пачатку поўнамаштабнай вайны станцыя функцыянуе не толькі як прыпынак метрапалітэна, але яшчэ і як капсула часу. Афішы канцэртаў, рэкламныя плакаты нагадваюць пра тое, якім магло быць жыццё, якім яно было, пакуль не прыйшоў сусед, якога не клікалі. А плакаты з разбуранымі дамамі і расплаўленымі танкамі акунаюць цябе ў жудасныя рэаліі гэтага года".
Аляксандр кажа, што на выхадзе са станцыі ўзнікае пачуццё дэжавю.
"Звыклая карціна Хрэшчатыка. Чалавек, пераапрануты ў касцюм ці то ваўка, ці то сабакі. Ходзіць, блукае. Весяліць людзей. Яны ўсміхаюцца. Жыццё працягваецца", — дзеліцца мужчына.
На гэтым тыдні фота ёлкі, якую традыцыйна ўсталёўваюць на Сафійскай плошчы, апублікаваў мэр горада Віталь Клічко. Летась на плошчы ўсталявалі дрэва вышынёй 31 метр — сёлета вышыня ёлкі 12 метраў. І імя ў яе ваеннае: "Ёлка нязломнасці".
Але сёе-тое нязменнае. Кожны год агні на Кіеўскай ёлцы запальваюць у адзін і той жа дзень, 19 снежня, у свята Святога Мікалая. Гэты год выключэннем не стаў, нягледзячы на блэкаўт і вайну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.