Зміцер Вайцюшкевіч. "Ваячак"

121207_agljadacha.mp3

Вайцюшкевіч называе “Ваячка” даўгабудам, бо на стварэнне альбома Зміцер паклаў 6 доўгіх гадоў. Яшчэ называе “прывітаннем з вар’ятні”. І не дзіва. Польскі паэт Рафал Ваячак сам неаднойчы быў яе пацыентам, спрабуючы перамагчы прагу да ўласнай смерці. Смерць паэт зрабіў адной з асноўных тэм сваёй тонкай паэзіі. Яшчэ любімай тэмай была жанчына і яе цела.

Экспрэсія і неадназначнасць паэзіі Ваячка зачароўвала многіх музыкаў. Каб разумець дэталі і тое, што пад дэталямі, Вайцюшкевічу давялося паглыбіцца ў польскую мову. Але музыка палічыў уласнае паглыбленне занадта эгаістычным, таму прапанаваў “пасмакаваць” паэзію польскага алкаголіка і правакатара беларусам. У чым яму дапамаглі перакладчыкі і паэты Андрэй Хадановіч і Вальжына Морт.

Ваячак па-беларуску не губляе сваёй экспрэсіўнасці – наадварот, яна набывае нейкае наша мясцовае адценне і пах. Вайцюшкевіч для “прачыткі” Ваячка прапануе нам самую шырокую гаму пачуццяў. І становіцца зразумела, што паэзія польскага паэта – выдатная глеба для эксперыментаў. Пры чым, тут знойдзецца месца і мінімалізму, чым карыстаецца Зміцер, і сімфанізму, акутанага гітарным двайвам і тэатральнай манерай падачы.

У альбоме “Ваячак” Вайцюшкевіч напоўніцу аддаецца сваёй схільнасці да “псіхадэлічных рэчытатываў”, якімі была пранізана, толькі больш інтэлігентна, шведская “Чара”. Дазваляе адпачыць і засяродзіцца на тэксце ва ўласцівых сабе баладах. Ваячак добры і такі і іншы. Яго шматграннасць вымагае аскепкаў і знясілля, акунае ў бруд і дастае з яго чыстым…

Безумоўна, новая праца Вайцюшкевіча адсылае да яго ж альбома на вершы Маякоўскага. Там таксама ўсё было супярэчліва, няпроста, і нават Вайцюшкевіч падаваўся некалькі чужым. Ці Маякоўскі быў занадта сваім. Ваячак ужо таксама “свой”. Але ў яго, магчыма, на першы погляд, усё больш тонка, пачварна і шмат сэксу. Але Вайцюшкевіч не толькі прывучае слухача да паэзіі. Ён спрабуе праз паэзію “паказаць менавіта чалавечыя моманты ў творчасці кожнага паэта”, вырыць тое схаванае за вершамі і эпатажам, якое часам ужо і немагчыма адкапаць.

Яшчэ адным “прывітаннем з вар’ятні” становіцца вокладка альбома “Ваячак”. На ёй – сапраўдны ключ ад беластоцкай вар’ятні, дзе Вайцюшкевіч з мастаком Юркам Асеннікам ладзілі фотасесію для аздаблення дыску. Без гэтага ключа нельга парапіць у пакой ці калідор. З дапамогай яго, кажа Вайцюшкевіч, беларусы мусяць адчыніць дзверы ў паэзію Ваячка.

Адзін з самых таленавітых альбомаў 2012 года. Раім ужыцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі