Знешні дзяржаўны доўг Беларусі скараціўся на 256 млн долараў
Альбо на 2%. Цяпер ён складае $12,3 млрд.
Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 лютага бягучага года складае 12 мільярдаў 300 мільёнаў долараў. За студзень 2015-га ён змешыўся на 2% альбо на 256 мільёнаў 80 тысяч долараў. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства фінансаў.
Сёлета наша краіна пазычыла ў замежжы 49 мільёнаў 400 тысяч долараў. З іх больш за 26 млн долараў — па крэдыце расійскага ўраду, больш за $23 млн — крэдыты банкаў Кітая. З пачатку 2015-га пагашэнне знешняга дзярждоўгу склала больш за 73 млн долараў. З іх — амаль 61 млн долараў — па крэдытах банкаў Кітая, інфармуе "Интерфакс-Запад".
Нагадаем, сёлета ў Беларусі пік выплат па вонкавых пазыках. Наша дзяржава мусіць выплаціць крэдыторам каля 4 мільярдаў долараў. $1 млрд з гэтай сумы — гэта абслугоўванне асноўнага доўгу.
Напрыканцы студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка казаў, што Масква абяцала даць Мінску крэдыты пры неабходнасці, бо яна зацікаўленая ў стабільнай фінансавай сітуацыі ў Беларусі. Разам з тым Лукашэнка паведаміў, што буйныя крэдыты Беларусь браць не плануе. Дарэчы, 3 сакавіка ў Маскве на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы плануецца абмеркаваць выдачу крэдыту Беларусі.
Фота: Fotolia