5 верасня ў Мінску пройдзе сустрэча, прысвечаная сітуацыі ва Украіне
Гэта будзе чарговае паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) па ўрэгуляванню сітуацыі на ўсходзе Украіны.
Як інфармуе БЕЛТА, яна пачнецца ў пятніцу прыблізна а 13-й гадзіне ў мінскім "Прэзідэнт-гатэлі". У МЗС Беларусь пакуль не паведамляюць, хто менавіта будзе прадстаўляць бакі на перамовах.
Нагадаем, папярэдняя сустрэча прайшла ў Мінску 1 верасня ў фармаце Украіна — Расія — сепаратысты Данбаса — АБСЕ. Прадстаўнікі Кіева і самаабвешчаных рэспублік абмяняліся дакументамі з бачаннем шляхоў спынення канфлікту на Данбасе.
Як інфармуе УНІАН, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка дапусціў магчымасць прыняцця рашэння аб двухбаковым спыненні агню ў выпадку дасягнення кантактнай групай згоды адносна мірнага плана. Кіраўнікі так званых "Данецкай народнай рэспублікі" і "Луганскай народнай рэспублікі" Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі пра гатоўнасць аддаць загад аб спыненні агню на Данбасе 5 верасня а 15-й гадзіне. Таксама толькі ў тым выпадку, калі на перамовах удасца падпісаць план палітычнага ўрэгулявання канфлікту, інфармуе РІА "Новости".