ABBA абурана заявай Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы
Яўген Буры / tsikhanouskaya.org
Праўленне Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) адрэагавала на нядаўнюю заяву Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы (ZPP). У ёй былі выказаны прэтэнзіі да прапанаванага ABBA механізму верыфікацыі беларускіх бізнесаў у краінах ЕС і прэзідэнта арганізацыі Яўгена Бурага.
Кіраўніцтва Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой лічыць, што Саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы зрабіў "нематываваныя высновы аб патэнцыйнай пагрозе з боку аднаго з кіраўнікоў ABBA". І яны "не з'яўляюцца вынікам праверкі дакладных і пераканаўчых доказаў, а базуюцца выключна на здагадках і эмацыйных заявах". Падкрэсліваецца, што сцвярджанні польскай арганізацыі "не адпавядаюць рэчаіснасці, дзеянням ABBA і яе кіраўніцтва, носяць ілжывы і ганебны характар".
Буры раней працаваў у Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі РБ. У 2020 годзе ён сышоў з дзяржслужбы і далучыўся да каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. У жніўні 2021-га Яўген Буры стаў адным з заснавальнікаў Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой. "Мы не можам дазволіць сабе маўчаць, калі былы супрацоўнік Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь спрабуе падарваць, выкарыстоўваючы правакацыі і паклёп, давер да нас і да іншых арганізацый, якія падтрымліваюць беларусаў, ствараючы бізнес-мадэль выкарыстання сакрэтнай інфармацыі і набытых ноў-хаў ва ўладных структурах рэжыму Лукашэнкі", — гаварылася ў заяве Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Польшчы. ABBA падкрэслівае, што "дадзенае сцвярджэнне з'яўляецца непраўдзівым і нематываваным", а Буры і кіраўніцтва арганізацыі "не ажыццяўлялі правакацый і не дапускалі паклёпу ў адносінах ZPP".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.