Абрамава: Пры Канаплёве Палата прадстаўнікоў найбольш нагадвала парламент

У сераду стала вядома пра затрыманне Канаплёва КДБ.

Вольга Абрамава двойчы абіралася ў беларускі парламент. Яна працавала ў Вярхоўным савеце 13-га склікання (1995-1996 гады) і ў Палаце прадстаўнікоў другога склікання (2000-2004). Яна прыгадвае, што ў сярэдзіне 1990-х Канаплёў быў “прамалінейны і неверагодна просты, нават без якіх-небудзь спробаў стварыць нейкі імідж”. Але з часам ён змяніўся: стаў разважлівым кіраўніком.



Вольга Абрамава: “Гэта быў чалавек, які служыў Лукашэнку. У поўнай ступені, прычым служыў верна і аддана. Гэта не выключае яго асабістых амбіцый мужчыны, які прыйшоў ва ўладу. Ён дамагаўся пасады спікера, прычым рабіў гэта па асабістым жаданні, а не па ўказанні Лукашэнкі. Яшчэ да пачатку першага пленарнага пасяджэння 60 дэпутатаў сабралі подпісы, каб зрабіць спікерам Канаплёва”.



Па словах колішняй дэпутаткі, Канаплёў кіраваў ніжэйшай палатай парламента “жалезнай рукой у аксамітнай пальчатцы”. Абрамава, якую ў сярэдзіне 2000-х Аляксандр Лукашэнка назваў сваім любімым апазіцыйным дэпутатам, часам адчувала гэта на сабе.



Вольга Абрамава: “Так, ён ціснуў на мяне. Але я разумела, чаму ён гэта робіць. Там не было нічога асабістага: ён прасаваў мяне ў інтарэсах дзяржавы. Ён мог адключаць мне мікрафон, мог перарываць жорстка і груба маё выступленне літаральна пасярэдзіне. Але якраз пры Канаплёве Палата прадстаўнікоў у большай ступені нагадвала парламент, чым у любыя іншыя часы”.



Нагадаем, 27 лістапада “Прессбол” паведаміў, што Уладзімір Канаплёў затрыманы КДБ. Таксама затрыманы былы памочнік Лукашэнкі і былы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Генадзь Аляксеенка. У КДБ затрыманні пакуль не каментуюць.



Уладзіміру Канаплёву 49 гадоў. У 1991-1994 гадах ён быў памочнікам дэпутата парламента Аляксандра Лукашэнкі, а пасля і кіраўніка дзяржавы. У 2004-2007 гадах Канаплёў быў спікерам Палаты прадстаўнікоў Беларусі. У апошнія гады ён ачольваў федэрацыю гандбола Беларусі, з'яўляўся віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта.


 

Фота — bymedia.net
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі